viasna on patreon

Полацкія актывісты СПБ абскардзілі судовыя рашэнні аб пакаранні за ўдзел у пікеце

2016 2016-06-04T10:09:30+0300 2016-06-04T10:11:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sharah-stukau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

16 траўня ў Полацку адбыліся судовыя працэсы над  прадстаўнікамі СПБ з “Полацк-Шкловалакна”  Віктарам Стукавым і Міколам Шарахам. Абодвум прысудзілі штрафы за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце, Міколу Шараха аштрафавалі яшчэ і за непадпарадкаванне міліцыі.  Актывісты незалежнага прафсаюзу падалі касацыйныя скаргі ў Віцебскі абласны суд.

Пікет, за ўдзел у якім аштрафавалі мясцовых лідэраў СПБ, быў праведзены дзеля інфармавання жыхароў горада пра не звальненне Міколы Шараха. На ягоную думку, умовы для непрацягнення  кантракта былі створаны штучна і з’яўляюцца праявай дыскрымінацыі па прыкмеце сяброўства ў незалежным прафсаюзе.  Акцыя, якая прайшла ў Полацку 28 красавіка, праводзілася як прафсаюзнае мерапрыемства. Таму, паводле заяўніка Віктара Стукава, дазволу на яе правядзенне ў мясовых уладаў пытацца было не патрэбна: у адпаведнасці з артыкулам 3-й Канвенцыі Міжнароднай Арганізацыі Працы №87 аб свабодзе аб’яднанняў і абароне права аб’ядноўвацца ў прафсаюзы дзяржаўныя ўлады не маюць права перашкаджаць прафсаюзнай дзейнасці ў любой форме, у тым ліку і падчас масавых акцый. Тым не менш, арганізатары даслалі паведамленне ў райвыканкам аб сваіх намерах, аднак адказу не атрымалі.

На судзе высветлілася, што адказ з райвыканкаму нібыта дасылалі, і ў ім была забарона на правядзенне пікета. Аднак актывісты ліста не атрымалі.
“Мы вырашылі, што райвыканкам маўчыць – значыць, згодны з тым, што ў Беларусі мясцовыя ўлады дзейнічаюць у адпаведнасці з міжнароднымі прававымі нормамі”, - кажа спадар Стукаў. Суд не пагадзіўся з аргументамі наконт таго, што спасылкі на артыкул  3-й Канвенцыі Міжнароднай Арганізацыі Працы даюць права ладзіць пікеты, не пытаючыся дазволу ў выканкама, і суддзя Юлія Каласоўская прыняла рашэнне аштрафаваць кіраўніка “пярвічкі” на прадпрыемстве “Полацк-Шкловалакно”  Віктара Стукава на суму  5 мільёнаў 250 тысяч рублёў.

Яшчэ большы штраф -  памерам 6 мільёнаў 300 тысяч рублёў-  суддзя Віталь Лабко прысудзіў Міколу Шараху. Апрача як за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі актывіст быў пакараны за нібыта непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, якія гвалтам затрымалі яго ў пад’ездзе ўласнага дома, не прадставіўшыся і не паказаўшы службовых пасведчанняў.  У судзе супрацоўнікі міліцыі Сяргей Багумірскі і Ігар Скарабагаты адмаўлялі гэты факт – цвердзілі, што паказвалі дакументы, але Мікола Шарах “адварочваўся і заплюшчваў вочы, каб не бачыць”.  Міліцыянт Сяргей Багумірскі ў судзе абвяргаў і тое, што адмовіў Міколу Шараху на просьбу выклікаць адваката, заявіўшы, што “гэта дазваляецца толькі ў выпадках крымінальных справаў”. А суд адмовіўся зрабіць запыт у міліцыю, каб адтуль даслалі запіс відэакамер, усталяваных у кабінеце, дзе на Шараха складалі пратакол, ігнаруючы ягонае права мець абаронцу.

Факты парушэнняў, дапушчаных падчас судовага разгляду і ў папярэдніх дзеяннях міліцыі актывісты СПБ Мікола Шарах   і Віктар Стукаў выклалі ў касацыйных скаргах. Яны лічаць, што рашэнні суддзяў Каласоўскай і Лапко былі прынятыя без уліку ўсіх акалічнасцяў і мусяць быць адмененыя. На працягу бліжэйшага месяца ў Віцебскім абласным судзе мае адбыцца разгляд гэтых скаргаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства