Актывіста СПБ Міколу Шараха будуць судзіць за неанкцыянаваны пікет і непадпарадкаванне міліцыі
Ні з адным абвінавачаннем спадар Шарах, работнік ААТ “Полацк-Шкловалакно” і намеснік старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу Беларускага, не згодны. Больш за тое: ён напісаў шэраг заўваг да пратаколаў і дзве скаргі ў пракуратуру.
Скаргі тычацца парушэння ягоных правоў. Першая – адносна затрымання для высвятлення асобы, якое праводзілася з ужываннем сілы ў пад’ездзе ягонага дома, другая – за адмову скарыстацца дапамогай адваката.
“Затрыманне было неапраўдана гвалтоўным. За мной у пад’езд дома, дзе я жыву, уварваліся два чалавекі ў цывільным, якія крычалі нешта накшталт “Эй, стой, мужык!” Я не спыніўся, бо на хамскія звароты не рэагую. Гэтыя двое не далі мне зайсці ў кватэру, пачалі заламваць рукі. І толькі калі суседзі, пачуўшы гармідар, выклікалі міліцыю, тыя двое вырашылі назвацца: “А мы ж міліцыя і ёсць!”. Пасведчанні паказалі ўжо тады, калі мяне скруцілі. Давялося прасіць, каб адпусцілі рукі, бо не бачу без акуляраў, а яны – у кішэні… Сказалі, што павязуць у пастарунак для вясвятлення асобы. А ў мяне і пашпарт, і іншыя дакументы з сабой. Не, кажуць, усё адно трэба ехаць”, - распавёў Мікола Шарах.
У пастарунку пачалі складаць пратаколы. Спачатку за незаконнае пікетаванне, потым – за непадпарадкаванне міліцыі. На заяву пра неабходнасць кансультацыі з адвакатам у міліцыі не адрэагавалі – сказалі, што адвакат даецца толькі ў выпадку крымінальных спраў. Пра гэтае парушэнне Мікалай Шараг напісаў другую скаргу ў пракуратуру. Трэцяя скарга – на чарзе. Бо ў пастарунку яго пратрымалі больш за належныя па законе тры гадзіны.
Інцыдэнту з міліцыяй папярэднічаў удзел Міколы Шараха ў пікеце, арганізаваным актывістамі СПБ дзеля ягонай падтрымкі. Справа ў тым, што спадара Шараха, работніка з больш як 30-гадовым стажам, звальняюць з працы. Адміністрацыя ААТ “Полацк-Шкловалакно” абвясціла, што ягоны працоўны кантракт з 30 чэрвеня працягнуты не будзе. Прафсаюзны актывіст перакананы, што кіраўніцтва такім чынам адпомсціла яму за прынцыповую пазіцыю па абароне правоў працоўных. І ўжо напрацягу апошняга года спадар Шарах нярэдка чуў пагрозы наконт звальнення.
Каб увасобіць тыя пагрозы, давялося пайсці на хітрасць, кажа кіраўнік “пярвічкі” СПБ на “Шкловаланкне” Віктар Стукаў:
“Паводле калектыўнай дамовы, з нашага прадпрыемства нельга звольніць работніка, калі яму застацца меньш як тры гады да пенсійнага ўзросту. Міколу Шараху ў траўні споўніцца 58, і з ім нельга было б не працягнуць кантракт, каб адміністрацыя не схітравала. Раней у калектыўнай дамове было запісана, што абавязковая ўмова для працягнення кантракту, калі справа ў перадпенсійным узросце, -- гэта каб не мець спагнанняў напрацягу апошняга года. Аднак 1 сакавіка, якраз напярэдадні падзеяў з Міколам, калектыўную дамову змянілі: запісалі, што спагнанняў нельга мець не за год, а за ўвесь тэрмін кантракту! І тут жа знайшлі тры зачэпкі: спазненне на працу на 10 хвілін у 2014 годзе, прагул аднаго працоўнага дня ў 2012 годзе, калі Мікола быў на замежным семінары, і адзінкавае дробнае парушэнне тэхнікі бяспекі ў 2012 годзе. Дарэчы, Міколу як прадстаўніка СПБ, не дапусцілі якраз на тое пасяджэнне камісіі па працоўных перамовах, дзе прымаліся гэтыя змены”.
Змены ў калектыўнай дамове Віктар Стукаў лічыць незаконнымі, бо яны заведама пагаршаюць становішча працоўных. А гэта супярэчыць Працоўнаму кодэксу.
Пра парушэнні заканадаўства на прадпрыемстве актывісты і хацелі паведаміць усім гараджанам падчас пікета каля кінатэатра “Радзіма”. Дазволу на яго не прасілі. Проста паведамілі, што СПБ будзе праводзіць акцыю.
“Нашы патрабаванні – гэта і праца для Міколы Шараха, і скасаванне незаконных зменаў у працоўнай дамове, і спыненне дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыкмеце, якая на “Шкловалакне” даўно відавочная. У адпаведнасці з артыкулам 3 Канвенцыі Міжнароднай Арганізацыі Працы №87 аб свабодзе аб’яднанняў і абароне права аб’ядноўвацца ў прафсаюзы дзяржаўныя ўлады не маюць права перашкаджаць прафсаюзнай дзейнасці ў любой форме, у тым ліку і падчас масавых акцый”, - гаворыць Віктар Стукаў.
Да слова, аніякага адказу з полацкага райвыканкама актывісты так і не атрымалі. Так што забароны на акцыю не было. І на пікеце насамрэч пабывала шмат гараджанаў, у тым ліку калегі са “Шкловалакна”, людзі з іншых прадпрыемстваў, дзе чальцы СПБ неаднаразова кансультавалі працаўнікоў, прадпрымальнікі, якія таксама перажываюць не лепшыя часы, журналісты.