Падчас акцыі салідарнасці з Эдуардам Пальчысам затрымалі актывіста разам з аўтамабілем
У Мінску 23 чэрвеня актывісты на заклік сустаршыні «Маладога фронту» Зміцера Дашкевіча правялі акцыю ў падтрымку Эдуарда Пальчыса.
Яна сабраліся каля Галоўпаштамта, каб падпісаць паштоўкі рэдактару сайта 1863x.com, якога абвінавачваюць у распальванні нацыянальнай варожасці. Эдуарду Пальчысу, які ўтрымліваецца ў следчым ізалятары №1 на Валадарцы, днямі прад’явілі канчатковае абвінавачванне.
За акцыяй сачылі людзі ў цывільнай вопратцы і здымалі ўсіх н відэакамеру. Затым супрацоўнікі ДАІ затрымалі грамадзкага актывіста Яўгена Батуру.
На акцыю Батура прыехаў на ўласным аўтамабілі, упрыгожаным бел-чырвона-белымі сцяжкамі. Даішнікі спынілі яго, пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль і адвезлі ў Маскоўскі РАУС. Пазней стала вядома, што ў Батуры апісалі машыну, па падазрэнні, што яна лічыцца ва ўгоне і пакінулі яе на стаянцы. Ніякіх пратаколааў пры гэтым не складалі і неўзабаве адпусцілі з РУУСа.
Нагадаем, што 21 чэрвеня з аўтамабіля-таксі актывіста Леаніда Кулакова каля Цэнтральнага РУУСа “зніклі” два сцяжкі з “Пагоняй”. Ён таксама быў перад гэтым затрыманы супрацоўнікамі ДАІ за нацыянальную сімволіку.
З гэтай нагоды Кулакоў пакінуў заяву ў міліцыі.