viasna on patreon

Бабруйск: шматдзетны бацька не можа знайсці працу з-за грамадскай дзейнасці

2015 2015-11-25T22:15:42+0300 2015-11-25T22:15:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shcharbatyh-uladzimir-babrujsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Шчарбатых.

Уладзімір Шчарбатых.

Актывіст кампаніі "Гавары праўду" з Бабруйску з верасня не можа ўладкавацца на працу. Уладзімір Шчарбатых быў вымушаны звольніцца з пасады галоўнага заатэхніка ў філіяле "Варатынь" акцыянернага таварыства БЗ "ТДіА" падчас сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі.

У сям'і Шчарбатых шэсць дзяцей, жонка ў дэкрэтным адпачынку з самым малодшым - яму год і восем месяцаў.

-Я маю спецыяльнасць заатэхніка, але ў хуткім часе буду абараняць дыплом інжынера ў Горацкай акадэміі. То бок, мая адукацыя дазваляе мець годную працу і годны заробак, - кажа Уладзімір Шчарбатых. - Менавіта за годным заробкам я і перайшоў працаваць з птушкафабрыкі ў "Варатынь", дзе займаў пасаду галоўнага заатэхніка. Я маю добрыя характарыстыкі з усіх працоўных месцаў, і тут таксама стараўся добра рабіць сваю справу. Але праз нейкі час заўважыў касыя позіркі ў свой бок. Мяне выклікаў дырэктар, і пачаў цікавіцца "партыйнай прыналежнасцю". Я патлумачыў, што "Гавары праўду" -- гэта не партыя, але ён заявіў, што "яму без розніцы". Потым у мяне былі сустрэчы з бабруйскімі ідэолагамі... Мне далі зразумець, што калі не звольнюся сам, яны загадаюць падначаленым сабатаваць мае даручэнні, сарвуць працу. І тады мяне звольняць за непрафесійнасць. Я сыйшоў адтуль пад ціскам. У той час я быў на сесіі, а яшчэ і на бальнічным, то бок, яны нават не мелі права мяне звальняць. Але былыя працадаўцы вырашылі напляваць і на працоўнае заканадаўства.

Уладзімір Шчарбатых кажа, што аб'ехаў у пошуках працы не толькі Бабруйск, але і раён, і вобласць, і паўсюль атрымаў адмову. З 17 верасня ён аформлены ў Цэнтры занятасці як беспрацоўны.

-Зараз ёсць надзея на адно месца, але яно вельмі далёка ад Бабруйска. Калі ўсё пойдзе добра, і мяне возьмуць, прыйдзецца пераехаць туды жыць. Я буду бачыцца з сям'ёй толькі па выходных, але лепей так, чым ведаць, што ты не можаш забяспечыць дзяцей, - кажа шматдзетны бацька.

-Дагэтуль не магу ўсвядоміць, што людзей могуць так проста звальняць за іх грамадскую дзейнасць ці погляды. Я маю выдатныя характарыстыкі з усіх месцаў працы, не маю дрэнных звычак, у мяне узорная шматдзетная сям'я. Здавалася б, што яшчэ трэба? Гэтая сітуацыя паставіла нас у вельмі незайздроснае становішча, нас проста выбілі з каляіны, - дадае Уладзімір Шчарбатых.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства