viasna on patreon

Жыхарцы Круглага адмовілі ў працаўладкаванні з-за грамадскай актыўнасці

2015 2015-11-05T22:41:33+0300 2015-11-05T22:41:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mileshchanka-zinaida-kruglae.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадскай актывістцы з Круглага Зінаідзе Мілешчанка мясцовы райвыканкам адмовіў у прыёме на працу старшынёй гаражнага кааператыва з-за яе грамадскай актыўнасці. Самае цікавае, што раней самі супрацоўнікі райвыканкама ўгаворвалі яе ўзначаліць гаражны кааператыў “Будаўнік”.

Па словах Зінаіды Мілешчанкі, каля двух месяцаў таму да яе звярнуўся галоўны архітэктар Круглянскага раёна з прапановай узначаліць гаражны кааператыў “Будаўнік” у гарадскім пасёлку, бо справы ў кааператыве ідуць вельмі дрэнна і патрэбен актыўны чалавек, які б аднавіў яго працу. Хоць Зінаіда Уладзіміраўна ўжо пенсіянерка, аднак яна пагадзілася ўзначаліць кааператыў.

Неўзабаве адбыўся агульны сход чальцоў гаражнага кааператыва, на якім Зінаіду Мілешчанка абралі яго старшынёй і нават прызначылі ёй аклад у памеры 2 100 000 рублёў. Спадарыні Мілешчанка перадалі ўсе паперы арганізацыі, і яна пачала наводзіць патрэбны парадак у дакументацыі. Рашэнне агульнага сходу кааператыва “Будаўнік” аб абранні Зінаіды Мілешчанка яго старшынёй павінен быў зацвердзіць Круглянскі райвыканкам.

5 лістапада Зінаіда Мілешчанка наведала райвыканкам, каб атрымаць там рашэнне аб сваім зацвярджэнні. Аднак супрацоўнікі Круглянскага райвыканкама паведамілі Зінаідзе Уладзіміраўне, што ў зацвярджэнні старшынёй гаражнага кааператыва ёй адмоўлена, юрыдычны аддзел нібыта знайшоў нейкія парушэнні ў дакументах. Пры гэтым чыноўнікі ў нефармальнай гутарцы сказалі актывістцы, што, калі яна хацела працаваць, не трэба было ёй удзельнічаць у дзейнасці грамадскай ініцыятывы “Падворак”.

Менавіта зараз сябры грамадскай ініцыятывы “Падворак” праводзяць анкетаванне жыхароў Круглянскага раёна, каб высветліць, якія праблемы іх найбольш хвалююць і што патрэбна для іх вырашэння. Пасля правядзення апытання актывісты плануюць распрацаваць “Стратэгію развіцця” Круглянскага раёна да 2030 года і азнаёміць з ёй мясцовых чыноўнікаў.

Зінаіда Мілешчанка з’яўляецца старшынёй грамадскай ініцыятывы “Падворак”, і хоць зараз яна няеўдзельнічае ў правядзенні анкетавання ў Круглянскім раёне, мясцовыя чыноўнікі не прабачылі Зінаідзе Уладзіміраўне грамадскай актыўнасці, адмовіўшы ёй у працаўладкаванні.

Актывістка кажа, што ёй вельмі крыўдна за такія адносіны з боку мясцовых уладаў, бо дзейнасць “Падворка” скіраваная на паляпшэнне жыцця людзей у Круглянскім раёне і Магілёўскай вобласці ў цэлым. Аднак круглянсікм уладам усялякая грамадская актыўнасць чамусьці здаецца падазронай.

Зінаіда Мілешчанка раней абіралася дэпутатам Круглянскага райсавета, яна ўдзельнічала ў парламенцкіх выбарах 2012 года ў якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства