viasna on patreon

Раіса Міхайлоўская: Фільм «Банда» пра зьніклых зьявіцца ў інтэрнэце напярэдадні выбараў

2015 2015-09-16T11:12:00+0300 2015-09-18T11:13:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/spravy_zniklyh.jpg

16 верасьня дакумэнтальны фільм «Банда», прысьвечаны тэме палітычных зьнікненьняў апанэнтаў рэжыму ў Беларусі, дэманструецца ў Нідэрляндах.

Пра гэта паведаміла Радыё Свабода Валерыя Красоўская, дачка Анатоля Красоўскага, зьніклага беларускага бізнэсоўца. «Банду» паказвалі ў Вашынгтоне, Варшаве, Вільні.

Першымі гледачамі фільму ў Беларусі ў лютым 2015 году сталі маці Юрыя Захаранкі і Зьмітра Завадзкага.

Ці дэманструецца «Банда» ў Беларусі? Праваабаронца, аўтар ідэі і прадусар фільму Раіса Міхайлоўская кажа:

 «Мы рыхтавалі гэты паказ у Галяндыі. 26 верасьня на асобным мерапрыемстве ў межах Канфэрэнцыі па чалавечым вымярэньні ў Варшаве таксама будзе паказаны гэты фільм. Што да Беларусі, мы плянуем яго паказаць па тэлеканале «Белсат», пра дакладныя тэрміны пакуль казаць ня буду (мы цяпер займаецца афармленьнем адпаведных дакумэнтаў).

— А ці будуць прагляды ў Беларусі, магчыма, у межах нейкіх мерапрыемстваў?

Праглядаў адкрытых, вядома ж, ня будзе. Мы рабілі некалькі закрытых паказаў у Беларусі для замежных дыпляматаў, супрацоўнікаў дыпляматычных місіяў. У нас быў адзін адкрыты паказ у сядзібе БНФ, і прыйшло толькі 30 чалавек. Шчыра кажучы, я вельмі расчараваная гэтым, бо былі абвесткі на сайтах, што 7 траўня, у гадавіну зьнікненьня Юрыя Захаранкі, дзьверы БНФ былі адчыненыя, мы паказвалі фільм «Банда».

— На вашу думку, чаму такое бяспамяцтва? Быццам бы незалежныя беларускія СМІ часта зьвяртаюцца да тэмы зьніклых, нагадваюць...

— Разумееце, памятаюць праваабаронцы, памятаюць родныя, памятаюць журналісты, палітыкі. Але ці памятаюць людзі? Менавіта для гэтага і ствараўся фільм — каб нагадаць грамадзтву пра гэтую старую, але вельмі вострую гісторыю, паказаць стужку шырокаму колу людзей, паказаць моладзі, якая ня ведае пра гэтыя зьнікненьні. На пачатку кастрычніка, спадзяюся, мы выкладзем гэты фільм у інтэрнэт. Я мяркую, што ён будзе якраз, што называецца, «у тэму», вельмі актуальны да прэзыдэнцкіх выбараў.

Стваральнікамі фільму «Банда» выступілі беларускія рэжысэры Павал Бандзіч і Яўген Шапчыц, аўтары сцэнару — Раіса Міхайлоўская і Марына Бяляцкая. Творчая група працавала над фільмам амаль год. Аўтары сыстэматызавалі падзеі, дакумэнты, сьведчаньні пацярпелых і асобаў, якія маюць дачыненьне да палітычных зьнікненьняў. Сярод асобаў, якіх зьнялі ў гэтым фільме, — Алег Алкаеў, Ірына Красоўская, Вольга Рыгораўна і Святлана Завадзкія, Васіль Лявонаў, Зінаіда Ганчар, Мечыслаў Грыб, Павал Шарамет, Ганс-Георг Вік і іншыя. Стужка доўжыцца больш за 50 хвілін.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства