За вызваленнем Набіла Раджаба павінны паследаваць іншыя захады з мэтай спынення пераследу праваабаронцаў
Абсерваторыя па абароне правоў праваабаронцаў (The Observatory for the Protection of Human Rights Defenders) вітае вызваленне сп. Набіла Раджаба, але нагадвае, што гэта станоўчы, але недастатковы крок, паколькі каралеўскае памілаванне тычыцца толькі аднаго з трох крымінальных абвінавачванняў, якія былі прад’яўленыя сп. Раджабу за апошнія месяцы.
Кароль Бахрэйна Хамад ібн Іса Аль-Халіфа загадаў вызваліць сп. Набіла Раджаба па стане здароўя. Сп. Раджаб ужо адбыў тры з шасці месяцаў турэмнага зняволення, якія ён атрымаў у выніку адмовы ў задавальненні апеляцыі 14 траўня 2015 года толькі за тое, што размясціў паведамленне ў Twitter (па абвінавачванні ў “дыфамацыі дзяржаўнага органа” ў адпаведнасці з артыкулам 216 Крымінальнага кодэкса).
Тым не менш, сп. Раджабу па-ранейшаму пагражае да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі па некалькіх абвінавачваннях, звязаных з іншымі паведамленнямі ў Twitter: “распаўсюд ілжывых чутак ў ваенны час” (артыкул 133 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі); “распаўсюд ілжывай інфармацыі, якая нясе небяспеку для грамадскай бяспекі” (артыкул 168, да двух гадоў пазбаўлення волі); “абраза дзяржаўных органаў” (артыкул 216, тры гады пазбаўлення волі).
“Гэтыя незавершаныя расследаванні ўяўляюць сабой дамоклаў меч, які ўлады Бахрэйна могуць выкарыстаць па сваім жаданні, каб нейтралізаваць праваабарончую дзейнасць сп. Раджаба”, — сказаў прэзідэнт FIDH Карым Лахіджы.
“У той час як вызваленне сп. Набіла Раджаба з’яўляецца пазітыўным крокам, ён не мусіў быць прыцягнуты да адказнасці альбо змешчаны ў турму за ягоную законную дзейнасць у галіне правоў чалавека. Акрамя таго, выклікае шкадаванне той факт, што гэтае вызваленне не з’яўляецца безумоўным”, — заявіў Генеральны сакратар OMCT сп. Джэральд Стэйброк.
Акрамя таго, вызваленне сп. Набіла Раджаба адбываецца ў кантэксце сістэматычных рэпрэсій супраць праваабаронцаў і ўсяго праз дзень пасля новага арышту выдатнага палітычнага дзеяча, які раней быў вызвалены праз каралеўскае памілаванне (Ібрагім Шарыф, былы генеральны сакратар Нацыянальнага дэмакратычнага грамадства дзеянняў (Уа-Эд). Гэта сведчыць, што рэпрэсіі супраць мірнага іншадумства абаронцаў правоў чалавека, палітычных і рэлігійных дзеячаў па-ранейшаму будзе нормай для ўладаў Бахрэйна.
Абсерваторыя заклікае ўлады Бахрэйна спыніць палітыку адвольных арыштаў і вызваліць усіх праваабаронцаў. Такое самавольства і няспынны пераслед падрываюць давер міжнароднай супольнасці да духу добрай волі ўладаў па выкананні іх абавязацельстваў у галіне правоў чалавека і ў правядзенні сапраўдных і эфектыўных рэформаў.
Абсерваторыя заклікае ўлады Бахрэйна зрабіць захады ў адпаведнасці з патрабаваннямі міжнароднай супольнасці, у тым ліку патрабаваннямі Еўрапейскага парламента “зняць абвінавачванні, і неадкладна і безумоўна вызваліць усіх праваабаронцаў, палітычных актывістаў і іншых асобаў, затрыманых па абвінавачваннях у парушэннях, нібыта звязаных з правам на свабоду выказвання меркавання, мірных сходаў і асацыяцый”.
ПЦ “Вясна”: Нагадаем, Апеляцыйны суд у Бахрэйне 14 траўня падтрымаў прысуд аб зняволенні Набілу Раджабу, прэзідэнту Бахрэйнскага Цэнтра па правах чалавека і намесніку Генеральнага сакратара FIDH, асуджанаму за “публічную абразу афіцыйных устаноў” у Твітэры. У дзень апеляцыі праваабарончая арганізацыя Amnesty International, якая прызнала Набіла Раджаба вязнем сумлення, абвясціла акцыю з патрабаваннем яго вызвалення.