Салігорск: безбар'ерны асяродак пашыраецца
Салігорскія прадстаўнікі БХК адзначаюць пашырэнне безбар’ернага асяродку ў сталіцы шахцёраў. Свае высновы праваабаронцы робяць у межах распачатай працы па падрыхтоўцы чарговага маніторынгу правоў асоб з абмежаванымі магчымасцямі ў рэгіёне.
Па словах праваабаронцаў, рабіць нейкія больш менш сур’ёзныя высновы аб сістэмных зменах у гэтым пытанні пакуль заўчасна:
- Праца над маніторынгам знахозіцца ў самым пачатку. Зрэшты, першыя вонкавыя назіранні даюць падставы для аптымізму, - кажа рэгіянальны прадстаўнік БХК Леанід Мархотка. - Асабліва ўразіла наяўнасць механічных пад’ёмнікаў (гл.фота) для інвалідаў-вазочнікаў каля пад’ездаў з высокімі прыступкамі ў нядаўна пабудаваным шматпавярховіку па вуліцы Заслонава.
Пераканаліся праваабаронцы і ў наяўнасці абяцаных мясцовым аўтапаркам спецыялізаваных нізкапольных аўтобусаў на некалькіх важных для вазочнікаў маршрутах. Прадстаўнікі БХК спадзяюцца што ў ходзе маніторынгу можна будзе пабачыць выкананне мясцовымі ўстановамі, арганізацыіямі і органамі ўлады і іншых рэкамендацый, датычных безбар’ернага асяродку ў горадзе.