Брэст: на 26 сакавіка прызначаны суд па справе незалежнага журналіста Алеся Ляўчука
Як паведаміў сам журналіст, напярэдадні ён атрымаў позву за подпісам участковага Маскоўскага РАУС г.Брэста Рамана Трафімука, з якой вынікала, што днем 18 сакавіка Ляўчуку трэба прыйсці ў пастарунак, каб азнаёміцца са складзеным пратаколам.
Высветлілася, што падставай для таго, каб на журналіста была заведзена адміністрацыйная справа паводле парушэння часткі 2 артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, з’явілася публікацыя, змешчаная на інтэрнэт-старонцы тэлеканала “Белсат” за подпісам “А.Л.”. Паводле Алеся Ляўчука, участковы міліцыянт падчас размовы меў раздрукоўкі і іншых матэрыялаў са згаданага сайта, а таксама выпіскі з закона “Аб СМІ”. Раман Трафімук распавёў журналісту, што аўтарства Алеся Ляўчука нібыта пацвердзілі суразмоўцы брэсцкага фрылансера.
Суд па справе Алеся Ляўчука прызначаны на 26 сакавіка.
Варта нагадаць, што напрыканцы мінулага года Суд Ленінскага раёна г.Брэста ўжо аштрафаваў Ляўчука на 40 базавых велічыняў (6 мільёнаў рублёў) менавіта паводле гэтага артыкулу, абінаваціўшы “ў незаконным вырабе і распаўсюджванні прадукцыі СМІ”. Брэсцкі абласны суд 22 студзеня 2015 года не задаволіў касацыйную скаргу незалежнага журналіста на рашэнне суда першай інстанцыі.