Брэсцкі абласны суд не задаволіў касацыйныя скаргі журналістаў Алеся Ляўчука і Тамары Шчапёткінай
Суддзя Брэсцкага абласнога суда Наталля Сурма не задаволіла касацыйныя скаргі незалежных журналістаў Алеся Ляўчука і Тамары Шчапёткінай, якія па абвінавачанні ў парушэнні ч. 2 арт. 22.9 КаАП у снежні 2014 года былі аштрафаваны на 40 і 30 базавых велічынь адпаведна. Пры гэтым журналісты былі абвінавачаны ў супрацоўніцтве з замежнымі СМІ без акрэдытцыі, хаця змест артыкула, у парушэнні якога яны былі прызнаны судом Ленінскага раёна Брэста (Алесь Ляўчук) і судом Бярозаўскага раёна (Тамара Шчапёткіна) вінаватымі, іншы: парушэнне ўстаноўленага парадку рассылкі абавязковых бясплатных асобнікаў перыядычных друкаваных выданняў, распаўсюд эратычных выданняў, апублікаванні сродкам масавай інфармацыі абвяржэння, а роўна незаконны выраб і (або)распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі. Менавіта апошні выраз: незаконны выраб і (ці) распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі суддзі трактавалі як працу без акрэдытацыі.
Па меркаванні юрыста БАЖ Андрэя Бастунца, якое ён агучыў у часопісе “Абажур”, апошняя частка артыкула азначае незаконны выраб і распаўсюд менавіта сродкаў масавай інфармацыі, да чаго журналіст не мае дачынення, паколькі ён займаецца зборам, рэдагаваннем і стварэннем інфармацыі для рэдакцыі. Прадукцыю СМІ вырабляе рэдакцыя, і толькі яна можа дапусціць парушэнні вырабу прадукцыі СМІ, але не журналіст.
Гэтую пазіцыю спрабавалі давесці да Наталлі Сурмы журналісты Алесь Ляўчук і Тамара Шчапёткіна, але суддзя вырашыла, што суды першай інстанцыі далі належную ацэнку сабраным матэрыялам і прыйшлі да абгрунтаванай высновы аб здзяйсненні правапарушэння па арт 22.9 ч. 2 КаАП.
Журналісты намераны абскардзіць рашэнне Брэсцкага абласнога суда.