Вярхоўны суд: доказаў зняважлівага стаўлення суддзяў да беларускай мовы няма
Вярхоўны суд не знайшоў доказаў зняважлівага стаўлення раённых суддзяў г. Мінска да беларускай мовы. Такі адказ атрымаў валанцёр ПЦ “Вясна” Уладзімір Андрыенка на свой зварот на парушэнне яго права карыстацца роднай мовай падчас судовага паседжання.
У ходзе праверкі факты зняважлівага стаўлення да беларускай мовы з боку раённых суддзяў г.Мінска не падцвердзіліся. Падставаў для прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці суддзі Маскоўскага раённага суда Гусаковай В.А., якая разглядала грамадзянскую справу У. Андрыенкі і фактычна прымусіла заяўніка выкарыстоўваць рускую мову, няма.
Вярхоўны суд у сваім адказе спасылаецца на тое, што пытанне мовы судовага працэсу і вытворчасці па яму вырашаецца суддзей асабіста. Не прадугледжана абмеркаванне гэтага пытання з зацікаўленнымі бакамі.
“Разам з тым Ваша меркаванне пра неабходнасць рэалізацыі мер, накіраваных на далейшае ўдасканальванне валодання суддзямі і сакратарамі судовых пасяджэнняў беларускай мовай, вывучана і будзе прынята да ўвагі”, - адзначае ў адказе намеснік старшыні Вярхоўнага суду А.А. Забара.
“Такую адпіску я і чакаў. Пагаджуся, што згодна з заканадаўствам суддзя асабіста можа вызначаць мову вядзення судовага паседжання. Але яна хацела, каб я таксама казаў па-руску. Суддзя са мной спрачалася на гэты конт і, каб не ўскладняць пытанне, я быў вымушаны працягнуць свой выступ па-руску. У адказе пазначана, што доказаў зняважлівага стаўлення да беларускай мовы няма. Хачу сказаць, што тады ў Вярхоўным судзе працуюць сляпыя і глухія людзі, таму што я скінуў ім поўны запіс судовага паседжання”, - кажа Уладзімір Андрыенка.
Трэба адзначыць, што пры разглядзе звароту Уладзіміра Андрыенкі і напісанні адказу на яго супрацоўнікі Вярхоўнага суду або няўважліва паставіліся да асобы заяўніка, або маюць праблемы з выкарыстаннем беларускай мовы, бо накіравалі свой адказ Андрыенцы У.Д.
Нагадаем, 21 лістапада ў судзе Маскоўскага раёна Мінска разглядалася скарга Уладзіміра Андрыенкі на рашэнне Мінгарвыканкама, які па відавочна надуманых прычынах не дазволіў правядзенне адзіночнага пікета салідарнасці з Украінай каля амбасады Расійскай Федэрацыі. Суддзя Гусакова В.А. прызнала скаргу неабгрунтаванай і не задаволіла яе.