Дазвол на пікет салідарнасці з Украінай пастаўлены ў залежнасць ад… надвор’я
У судзе Маскоўскага раёна Мінска разглядалася скарга Уладзіміра Андрыенкі на рашэнне Мінгарвыканкама, які па відавочна надуманых прычынах не даў дазволу на правядзенне адзіночнага пікета салідарнасці з Украінай каля амбасады Расійскай Федэрацыі.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Камітэта "Салідарнасць".
У абгрунтаванні свайго рашэння намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка напісаў, што адзіночны пікет не будзе спрыяць захаванню добраўпарадкавання і зеляніны, створыць перашкоды для пешаходнага руху і руху транспарту, не будзе спрыяць выкананню ПДР. Пры гэтым чыноўнікі спасылаліся на артыкул 9 Закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.
У судзе прадстаўніком Мінгарвыканкама спадаром Уральскім былі дадаткова агучаныя не менш абсурдныя патрабаванні да заяўніка. Маўляў, патрэбна да заявы прыкласці мапу з канкрэтна намаляванай кропкай, дзе будзе стаць пікетоўшчык, заключыць загадзя дамову з міліцыяй і іншымі структурамі, яшчэ трэба падстроіцца пад надвор’е, бо яно таксама будзе ўлічвацца пры прыняцці рашэння пра дазвол акцыі.
Нягледзячы на тое, што рашэнне гарадскіх уладаў парушае правы грамадзян, гарантаваныя Канстытуцыяй і супярэчыць міжнародным прававым нормам, суддзя Гусакова прызнала скаргу неабгрунтаванай і не задаволіла яе.
“Мы плануем надалей абскарджваць рашэнне раённага суда ў Мінскім гарадскім судзе. Таксама мы плануем падаваць паўторную заяву, дзе паспрабуем улічыць усе, нават абсурдныя патрабаванні і паглядзім, што яны прыдумаюць яшчэ, каб нам адмовіць”, - кажа заяўнік пікета салідарнасці Уладзімір Андрыенка.
Нагадаем, у Мінску была абвешчана так званая карусель адзіночных пікетаў салідарнасці з Украінай. Усе хто падаваў заяўкі ў Мінгарвыканкам, атрымалі адмовы з досыць фармальнымі і няўцямнымі тлумачэннямі.