Бабруйск: абяцаная рэканструкцыя дзіцячай бальніцы не пачалася (фота)
Уладзімір Шчарбатых, актывіст кампаніі "Гавары праўду", яшчэ ў мінулым годзе атрымаў ад чыноўнікаў інфармацыю, што рэканструкцыя адзінай у Бабруйску дзіцячай бальніцы пачнецца ў першым квартале бягучага года. Пакуль ніякіх прац у бальніцы не заўважана, а акурат у сакавіку сканчаецца тэрмін, адзведзены пад старт рэканструкцыі.
-Пытанне прывядзення ў парадак дзіцячай бальніцы для мяне перашараднае, - кажа Уладзімір Шчарбатых. - Я ўжо не першы год вяду з чыноўнікамі перапіску, з пераменнымі поспехамі. Раней абяцалі, што рэканструкцыя будзе праведзена ў 2014 годзе, але не хапіла сродкаў. Пры гэтым яшчэ ў 2013 годзе ў газеце гарвыканкама "Бабруйскае жыццё" было размешчана інтэрвью з галоўным лекарам УЗ "Бабруйская цэнтральная бальніца" Уладзімірам Гацко, дзе ён казаў, што фінансаванне на рэканструкцыю адкрыта. Там жа гаварылася, што працы пачнуцца не пазней за першы квартал 2014 года. Але, як бачым, гэтага не адбылося.
Мясцовыя жыхары называюць дзіцячую бальніцу ганьбай Бабруйска. У ёй няма нармальных умоў як для дзяцей, так і для бацькоў. У халоднае надвор'е мамы затыкаюць шчыліны ў вокнах коўдрамі, бо драўляныя рамы ад часу ссохліся і прапускаюць халоднае паветра. У палатах ёсць тараканы, якія працягваюць пладзіцца ў дзірках у лінолеуме і шафах. У аддзяленні для самых маленькіх няма нават душавой, мамы мыюцца ў санітарным пакоі, дзе мыюць анучы для прыборкі. У некаторых палатах стаіць "балотны" пах - ад прагнілой каналізацыйнай сістэмы.
Узнікаюць пытанні і па ўнутраным распарадку. Мамы здзіўляюцца, чаму гульнявы пакой адкрыты ўсяго некалькі гадзін у суткі? Бо часам туды можна было б сыйсці са сваім дзіцёнкам, калі яго маленькія суседзі па палаце спяць. Гэта тым больш дзіўна, калі ўлічваць, што тут ёсць толькі тэлевізар, ненавостраныя алоўкі і некалькі "паўжывых" цацак - нічога каштоўнага.
-Няма ніякіх умоваў, каб у бальніцы разам з дзіцёнкам мог знаходзіцца тата. У мяне шэсць дзяцей, і падчас хваробы аднаго з іх жонка таксама хварэла, і ляжала ў бальніцы. Мяне з дзіцём засялілі ў гульнявы пакой. Патрапіць у прыбіральню ў аддзяленні было немагчыма, бо на ўвесь паверх там адзін унітаз, а "жыхароў", калі лічыць мам і самастойных дзяцей, каля сотні. Таксама там няма магчымасці памыць дзіця.
Ідэальным варыянтам для бабруйскіх дзетак было б будаўніцтва новай, сучаснай бальніцы. Але пра гэта можна толькі марыць, бо нават размовы наконт рэканструкцыі існуючай бальніцы ідуць ужо некалькі гадоў. У 2009 годзе тут рэканструявалі аддзяленне рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі, і на гэтым справа спынілася.
-Апошні адказ, які тычыўся рэканструкцыі, прыйшоў з Магілёўскага аблвыканкаму ад першай намесніцы начальніка ўпраўлення аховы здароўя Марыны Масюк. А ўвогуле ў мяне ў тэчцы сабралася вельмі шмат цікавых адказаў і ад мясцовых чыноўнікаў, і ад абласных. Яны вельмі хітра зрабілі, калі ўключылі рэканструкцыю ў агульны бюджэтны план на 2011-2015 гады. Але ў плыні ўсебеларускай "барацьбы за дэмаграфію" пытанне дзіцячай бальніцы трэба было ставіць на першае месца ва ўсе магчымыя планы. Не ведаю, як зараз пойдзе справа. Але калі рэканструкцыя не пачнецца і ў сакавіку, будзем дабівацца рашэння праблемы праз Адміністрацыю прэзідэнта і Міністэрства аховы здароўя, - кажа Уладзімір Шчарбатых.
На фота 1: Хворыя дзеці спяць максімальна побач.
На фота 2: Паміж палатамі шкляныя сцены з дрэннай гукаізаляцыяй. Люстэркі ў палаце, як і ў прыбіральні, не прадугледжаныя.
На фота 3: Дзіравыя вокны ўзімку нават не заклейваюць, мамы закрываюць шчыліны коўдрамі.
На фота 4: Падлога ў шчылінах.