viasna on patreon

Бабруйск: рэканструкцыя дзіцячай бальніцы для мясцовых уладаў не ў прыярытэце

2014 2014-04-30T10:27:36+0300 2014-04-30T10:27:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shcharbatyh-uladzimir-babrujsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Шчарбатых.

Уладзімір Шчарбатых.

У Бабруйску працягваецца змаганне за добрыя ўмовы ў дзіцячай паліклініцы №3 і дзіцячай бальніцы. Яны размяшчаюцца ў адным будынку на вуліцы 50 гадоў Кастрычніка. Яшчэ ў мінулым годзе шматдзетны бацька і актывіст кампаніі "Гавары праўду" Уладзімір Шчарбатых звяртаўся ў гарвыканкам са зваротам і подпісамі ад бабруйчан з просьбай прывесці будынак да ладу, але з таго часу нічога не змянілася.

Нагадаем, збіраць подпісы непасрэдна ў будынку паліклінікі галоўны лекар Ірына Рыжанкова забараніла, хаця бацькі падпісваліся ахвотна. Яна нават асабіста вывела журналістаў і актывістаў за дзверы, забараніўшы рабіць фота збудавання нават звонку. Тым не менш, сабраныя ў выніку подпісы не паскорылі працэс рэканструкцыі. Але лісты ад чыноўнікаў актывісты "Гавары праўду" атрымалі, у іх называўся тэрмін пачатку рамонта - першы квартал бягучага года, які ўжо скончыўся.

Бацькі маленькіх пацыентаў скардзяцца, што ўмовы ў паліклініцы і бальніцы становяцца толькі горш. Асабліва цяжка даводзіцца тым, хто трапляе ў бальнічны корпус. Тут даўно не было рамонту і ўсяго адна прыбіральня і душ на ўвесь паверх.

-Я правяла з дачкой у бальніцы 17 дзён, яшчэ ўзімку, і дасюль узгадваю гэты час з непрыемнасцю. Нават цяжка падабраць прыстойныя эпітэты, каб апісаць гэта ўсё, - кажа маладая маці Ганна М. - Там "месцамі" ёсць добрыя ложкі, але ў асноўным гэта старызна, яшчэ з савецкіх часоў. Вокны проста дзікунскія, да таго ж праз іх моцна задувае, таму ў палатах халодна. Бялізна на ложках таксама вельмі і вельмі старая, страшна непрыемная. Дзіця памыць няма дзе: я мыла дачцэ, якой на той момант было пару тыдняў ад нараджэння, галаву пад кранам. Але цалкам я не змагла яе памыць на працягу гэтых жудасных 17 дзён! Ці патрэбны там рамонт? Безумоўна, і вельмі тэрмінова.

З вонку будынак выглядае не лепш: тут абвальваюцца нават казыркі, таму тэрыторыю вакол іх абцягнулі спецыяльнай папераджальнай стужкай. Бацькоў непрыемна чапляе і той факт, што вакол бальніцы поўным ходам ідзе будаўніцтва: з аднаго боку ўзводзяць гіпермаркет, з іншага - інтэрнат для чыгуначнікаў, а на добрыя ўмовы для дзяцей грошай няма.

Шматдзетны бацька Уладзімір Шчарбатых вырашыў яшчэ раз звярнуцца да чыноўнікаў, і накіраваў на днях чарговы зварот на імя галоўнага лекара УЗ "Бабруйская цэнтральная бальніца" Уладзіміра Гацко. На гэты раз ён папрасіў назваць канкрэтныя тэрміны пачатку рэканструкцыі паліклінікі і бальніцы.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства