viasna on patreon

“Міхась Кукабака – прыклад нязломнасці чалавечага духу” (фота)

2014 2014-10-31T23:00:00+0300 2014-11-04T11:55:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-babrujsk-prezentacyja-kukabaki-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі падчас прэзентацыі фільму "Дысідэнт" пра Міхася Кукабаку. Бабруйск, 30 кастрычніка 2014

Алесь Бяляцкі падчас прэзентацыі фільму "Дысідэнт" пра Міхася Кукабаку. Бабруйск, 30 кастрычніка 2014

У Міжнародны дзень салідарнасці палітвязняў, 30 кастрычніка, у Бабруйску Праваабарончы цэнтр “Вясна” прэзентаваў фільм “Дысідэнт”, прысвечаны вядомаму беларусу Міхасю Кукабаку.

Бабруйск месцам прэзентацыі быў абраны невыпадкова. Тут нарадзіўся і правёў дзяцінства герой фільма, сустрэчы з гэтым горадам, якая адбылася пасля першага турэмнага тэрміну, прысвечанае адно з самых знакамітых яго эсэ – “Скрадзеная Бацькаўшчына”, тут ён быў асуджаны да другога лагернага тэрміну і сюды ён наведаўся сёлета падчас першага за апошнія 15 гадоў прыезду ў Беларусь. Гэтае падарожжа на Радзіму і ляжыць у аснове дакументальнага фільму “Дысідэнт”.

І гэтае падарожжа, і гэты фільм атрымаліся дзякуючы настойлівасці кіраўніка “Вясны” Алеся Бяляцкага, які даследваў біяграфію Міхася Кукабакі, але лёс складаўся так, што сустрэцца асабіста ім, былым беларускім палітвязням розных пакаленняў, пакуль не давялося. Падчас сёлетняга прыезду Міхася Кукабакі ў Бабруйск Алесь Бяляцкі таксама знаходзіўся ў гэтым горадзе – у мурах мясцовай калоніі. 

“Міхась Кукабака – выбітная асоба ў гісторыі Беларусі. У нас не так багата было людзей, якія ў савецкія часы змагаліся за справядлівасць, за праўду - невялікімі групамі ці паасобку, адзінкамі. Тым не менш, па артыкуле “антысавецкая агітацыя і прапаганда” ў Беларусі ў 50-80-я гады было асуджана каля 300 чалавек. Кожны з іх па-рознаму спрабаваў дамагчыся гэтай праўды.     

Міхась Ігнатавіч, чалавек вельмі цяжкога лёсу, заўсёды быў прынцыповым. Да першых сутыкненняў з савецкай уладай ён, былы дзетдомавец, прыйшоў шляхам унутранай працы, праз пытанні, на якія спрабаваў адшукаць адказы. Ён, пазбаўлены сям’і, радасцяў звычайнага жыцця, усё паставіў на тое, каб людзі маглі пачуць слова праўды. І ўсё рабіў дзеля гэтага. Тут сярод нас ёсць чалавек, які жыў разам з ім у інтэрнаце, ён распавёў, што Кукабака распаўсюджваў Дэкларацыю правоў чалавека ў 70-я гады, калі пра яе ўвогуле ніхто не ведаў. Я сам упершыню гэтую Дэкларацыю прачытаў толькі ў другой палове 80-х гадоў, а звычайны беларускі чалавек да яе ўвогуле доступу не меў. Ён спрабаваў неяк дабіцца праўды, абапіраючыся на пагадненні, якія ў той час падпісаў Савецкі Саюз. Такі мірны спосаб супраціву, тым не менш, расцэньваўся як падрыў савецкай улады, праца супраць яе.
Жыццёвая эпапея Міхася Кукабакі вельмі характэрная для дысідэнтаў таго часу – псіхбальніцы, турмы, лагеры. Чарговыя тэрміны дадаваліся, як часта рабілася, калі палітвязень ужо рыхтаваўся да выхаду на свабоду. Такім чынам яго спрабавалі зламаць, але ён меў вельмі моцны стрыжань. Пасля амаль 17 гадоў зняволення ён не зламаўся, стаў апошнім савецкім палітвязнем, так і не падпісаўшы прашэння пра памілаванне.
Міхась Кукабака – прыклад нязломнасці чалавечага духу”,
- сказаў Алесь Бяляцкі.

Рэжысёр Віктар Трацякоў, прадстаўляючы фільм, адзначыў, што не спрабаваў распавесці дысідэнцкую біяграфію Міхася Кукабакі, паколькі пра гэта можна прачытаць, а хацеў паказаць у ім простага чалавека з асаблівасцямі яго характару, пра што не так шмат ведаюць беларусы. 

“Пры гэтым чалавек жыве, Масква не так далёка, але ён фактычна застаецца адзін. І нашая задача, пастаўленая кіраўніком “Вясны” Алесем Бяляцкім, была ў тым, каб наладзіць камунікацыю. Нам гэта ўдалося. Мы з’ездзілі да Міхася Ігнатавіча, мы з ім пасябравалі, зрабілі так, каб ён прыехаў у Беларусь, прыехаў да вас у Бабруйск. І мы ўбачылі, што Міхась Кукабака – чалавек, які любіць людзей, гэта народны філосаф. З ім можна паразмаўляць на ўсе тэмы. Ён гаворыць пра ўсё. Гэта такі беларускі Сакрат. Ён чалавек незвычайны. І таму, можа быць, шмат для каго ён быў і нязручным, нават ужо пасля вызвалення. Але калі мы з ім сустракаліся, у мяне была адзіная думка – я б хацела мець такога суседа, які штосьці распавядзе, умее пажартаваць, заўсёды выслухае і дасць мудрую параду. Пасля знаёмства ў мяне застаўся вобраз Міхася Кукабакі як добрага і мудрага чалавека. Ён унікальны чалавек, у нас у Беларусі, такіх больш няма. І я проста шчаслівая, што Алесь, сам знаходзячыся за кратамі, натхніў нас на такі камунікацыйны подзвіг. Мы паспрабавалі вярнуць Міхася Кукабаку на Радзіму”, - дадала сцэнарыст “Дысідэнта” Паліна Сцепаненка.

Кіраўнік “Вясны” паабяцаў, што абавязкова будзе створана і кніга пра Міхася Кукабаку. “Вельмі добра, што ён піша, хоць пісаць кніжку ўспамінаў прынцыпова адмаўляецца. У яго шмат занатовак, эпізодаў з тых дысідэнцкіх гадоў, і я спадзяюся, што мы ўсё гэта збярэм і выдадзім адной кніжкай. Гэта будзе пэўны падручнік пра тое, як чалавек можа супрацьпаставіць сябе жалезнай сістэме і застацца чалавекам нават у самых складаных умовах”, - сказаў Алесь Бяляцкі.

Таксама праваабаронца прадставіў бабруйцам сваю кнігу “Іртутнае срэбра жыцця”, што таксама падкрэслівала сімвалізм гэтай сустрэчы, паколькі ён напісаў яе падчас зняволення ў мясцовай калоніі.   

Адно з асноўных пытанняў удзельнікаў сустрэчы да нядаўняга палітвязня было пра тое, ці не мае ён непрыемных адчуванняў, упершыню пасля вызвалення прыехаўшы ў Бабруйск. “У мяне зараз адчуванне, што я прыехаў да сваіх старых сяброў і знаёмых. Хачу падзякаваць тым, хто пісаў мне паштоўкі падтрымкі, якія я рэгулярна атрымліваў, і мне было заўсёды прыемна іх атрымліваць з Бабруйска. Было адчуванне, што размаўляеш з людзьмі, якія зусім побач. Хоць я сядзеў за высокім плотам, але калі зайсці на другі паверх швейнага цэху, дзе працаваў, то там ужо быў бачны куточак горада. Горад ужо зусім блізка падыйшоў да зоны. Тралейбусы, аўтобусы, маршруткі, людзі нават, вокны, якія то свеццяца, то патухаюць – усё гэта стварала ўражанне, што я знаходзіўся проста ў горадзе, можна лічыць, разам з вамі. Усе мы ў нейкай ступені знаходзімся ў несвабодным стане - хто ў большай, хто ў меншай ступені. Такое пачуццё ў мяне было. І Бабруйск за гэтыя два гады стаў для мяне вельмі знаёмым горадам. Акрамя таго, знаёмства з гісторыяй вашага горада ў мяне адбылося і праз працу над кнігай пра беларускага пісьменніка Барыса Мікуліча, які родам з Бабруйска і таксама быў рэпрэсаваны. Седзячы ў калоніі, я напісаў 50 старонак пра вашага земляка, і мяне выпусцілі. Спадзяюся, што час у мяне яшчэ на гэта будзе”, - распавёў Алесь Бяляцкі.

У дыскусіі пра праблемы сённяшняй Беларусі, у якой таксама працягваюцца рэпрэсіі супраць іншадумцаў, ёсць палітвязні, гучала пытанне да праваабаронцы “Што рабіць?”. Свой адказ на гэтае пытанне ў звароце да землякоў дае галоўны герой гэтай імпрэзы Міхась Кукабака: “Што б я мог параіць сваім землякам? – піша ён. – Любы чалавек не можа быць “па-за палітыкай”, калі ён жадае быць свядомым грамадзянінам сваёй дзяржавы”.  

Дысідэнт Кукабака 30 кастрычніка пайшоў да Салавецкага камяня на Лубянскай плошчы ў Маскве, дзе ўзгадвалі ахвяраў палітычных рэпрэсій.   

Алесь Бяляцкі падчас прэзентацыі фільму "Дысідэнт" пра Міхася Кукабаку. Бабруйск, 30 кастрычніка 2014
Прэзентацыя фільму "Дысідэнт" пра Міхася Кукабаку. Бабруйск, 30 кастрычніка 2014
Аляксандр Леаненка распавядае пра Міхася Кукабаку ў маладосці. Бабруйск, 30 кастрычніка 2014

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства