“Дысідэнт” – першы фільм пра Міхася Кукабаку (відэа)
Фільм “Дысідэнт” распавядае пра Міхася Кукабаку – беларуса, які за свае перакананні каля 17 гадоў правёў ў турмах, лагерах і закрытых псіхіятрычных лякарнях.
Гэта першы дакументальны фільм, прысвечаны беларускаму дысідэнту, які зараз жыве ў Маскве.
У 2014 годзе Міхась Кукабака па запрашэнні Праваабарончага цэнтру “Вясна” прыехаў у Беларусь. Ён наведаў свой родны горад – Бабруйск, прайшоў па мясцінах, апісаных у эсе “Скрадзеная Бацькаўшчына” (1978), сустрэўся з праваабаронцамі і сябрам маладосці.
Падарожжа на Радзіму ляжыць у аснове дакументальнага фільму “Дысідэнт”.
Фільм раскрывае асаблівасці лёсу і характару Міхася Кукабакі: як можа адзін чалавек супрацьстаяць таталітарнай сістэме СССР, як не зламацца ў невыносных умовах савецкіх турмаў, як перамагчы страх, захаваць годнасць, не страціць перакананні.
Рэжысёр фільма Віктар Трацякоў кажа: “Міхась Кукабака – чалавек, якому ўсё жыццё ўдавалася спалучаць дзіцячую цікаўнасць да жыцця і адвагу з мудрасцю сталага чалавека”.
Гэта фільм пра правы чалавека, а таксама пра беларускую ідэнтычнасць, якую чалавек праносіць праз усё жыццё.
Даведка:
Міхась Кукабака нарадзіўся і рос у Бабруйску, пяць гадоў выхоўваўся ў дзіцячым доме і, 16-гадовым выпускніком рамеснага вучылішча, быў пасланы ў Сібір на «будоўлю камунізму». Пасля войска, а служыў у Забайкаллі і на Далёкім Усходзе, жыццё закідвала яго ў розныя рэгіёны Савецкага Саюза - Узбекістан, Казахстан, Украіну, Расію. Горадам, дзе пачалася яго актыўная дысідэнцкая дзейнасць, называе Кіеў - там здарыўся і першы выклік у КДБ. Упершыню быў арыштаваны, калі пражываў ва Уладзімірскай вобласці, пад Масквой, у 1970 годзе. З тых часоў пачалася яго турэмна-лагерная эпапея.
У Бабруйск Міхась Кукабака вярнуўся ў 40-гадовым узросце - улетку 1976 года, пасля шасці гадоў зняволення. Але рэпрэсіі ў дачыненні да яго працягваліся і тут: ён двойчы (увосень 1976-га і ўвосень 1977-га) быў прымусова шпіталізавалі ў Магілёўскую псіхіятрычную бальніцу. Даведзены да адчаю немагчымасцю зняць з сябе дыскрымінуючы ярлык «псіхічнахворага» і скрайняй бытавой неўладкаванасцю, вясной 1977 года ён звяртаўся ў Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР з просьбай пра дазвол эміграваць, у чым яму было адмоўлена. Гэты факт адлюстраваны ў тэксце «Скрадзеная Бацькаўшчына» - у гэтым нарысе ён апісвае сваё вяртанне ў горад дзяцінства. У зробленай пазней заўвазе аўтар паведамляе, што гэты нарыс увайшоў у матэрыялы абвінавачванні па чарговай "крымінальнай" справе. У кастрычніку 1978 года Міхась Кукабака зноў быў арыштаваны, у чэрвені 1979-га ў Бабруйску асуджаны па палітычных матывах да новага лагернага тэрміну.
Актыўны змагар з камуністычным рэжымам, за плячыма якога чатыры палітычныя судзімасці і каля 17 гадоў зняволення ў турмах, лагерах і псіхбальніцах, быў апошнім «палітычным» у пермскіх лагерах праз адмову пісаць прашэнне пра памілаванне, і быў вызвалены ў снежні 1988 года ў сувязі з "гарбачоўскай амністыяй палітвязняў". Быў рэабілітаваны Вярхоўным Судом БССР па ўсіх абвінавачваннях ў 1991 годзе, тады ж вярнуўся ў Беларусь, дзе меў намер працягнуць праваабарончую дзейнасць, чаго не пажадалі мясцовыя ўлады. Вядомы дысідэнт ізноў быў вымушаны з'ехаць, перабраўся ў Маскву, дзе жыве і цяпер.