viasna on patreon

Міхаіл Мяхедка: “Псіхушкі я не баюся, але не жадаў бы туды трапляць ізноў, там я ніхто і нішто”

2014 2014-08-19T15:09:00+0300 2014-08-19T15:32:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/psihbalnica-navinki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхар Мінска Міхаіл Мяхедка, які амаль шэсць гадоў намагаўся аднавіць справядлівасць, прайшоўшы шматлікія судовыя і заканадаўчыя інстанцыі, нечакана патрапіў у Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінкі. Гэта здарылася 6 жніўня, калі ён паспрабаваў перадаць свой зварот у Адміністрацыю прэзідэнта.

 

Яшчэ ў сакавіку 2014 года Міхаіл Мяхедка звяртаўся па дапамогу па звароце ў суд у Праваабарончы цэнтр «Вясна»: ён дамагаўся праверкі Канстытуцыйным Судом практыкі судоў па прымяненні заканадаўства аб прадастаўленні кампенсацыі пры канфіскацыі зямельных участкаў і зносе жылых памяшканняў, якія належаць грамадзянам па праве долевай уласнасці, на адпаведнасць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Менавіта з-за гэтай прававой калізіі ён і пацярпеў 6 гадоў назад.

У судовай скарзе Мяхедка пісаў:

“Я, як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, маю законнае права, гарантаванае Канстытуцыяй, звярнуцца да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кіраўніка дзяржавы, гаранта Канстытуцыі, правоў і свабодаў грамадзяніна і чалавека з просьбай даць даручэнне Канстытуцыйнаму Суду праверыць правапрымяняльную практыку судоў”.

Гэтая ж магчымасць вынікае і з тлумачэння, якое Мяхедка атрымаў ад Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па жыллёвай палітыцы, будаўніцтве, гандлі і прыватызацыі,  прычым сумесна з Галоўным Экспертна-прававым упраўленнем Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Урэшце, спроба рэалізаваць гэтую магчымасць праз візіт праўдашукальніка Мяхедкі ў Адміністрацыю прэзідэнта скончылася змяшчэннем яго ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінкі. На шчасце, ён прабыў там усяго каля сутак, паколькі пасля тэсту з псіхолагам стаў бачны абсурд накіравання псіхічна здаровага чалавека ў шпіталь.

Літаральна дзень таму ў Праваабарончы цэнтр “Вясна” завітаў і сам Міхаіл Мяхедка – хацеў выказаць падзяку праваабаронцам за інфармацыйную падтрымку. Ён распавёў падрабязнасці свайго затрымання і змяшчэння ў псіхіятрычны шпіталь на абследванне:

“6 жніўня я падыйшоў да 1-га пад’езда Адміністрацыі прэзідэнта, які знаходзіцца побач з Аляксандраўскім скверам, і прадставіўшыся, папрасіў супрацоўніка службы бяспекі паклікаць старэйшага. Выйшаў маёр, якому я патлумачыў, што жадаю перадаць зварот да прэзідэнта і што гэта цалкам законнае маё права. Ён адказаў, што не можа нічога ад мяне ўзяць і ўвогуле што прэзідэнта тут няма. Стаяць жа каля пад’езду забаронена. Тады я заявіў, што пачакаю яго тут, побач, на тратуары, дзе ходзяць людзі, – я ж гэтым нічога не парушаю, – альбо запрасіце да мяне службовую асобу, якая ўпаўнаважаная інфармаваць прэзідэнта.”

Маёр у адказ выклікаў амапаўцаў, якія пешшу адвялі Мяхедку ў бліжэйшае аддзяленне міліцыі (ГОМ). Там, выслухаўшы, чаго дамагаецца Мяхедка, яму патлумачылі, што прэзідэнт знаходзіцца ў новай рэзідэнцыі і адпусцілі яго. Праўдашукальнік адправіўся да новай рэзідэнцыі, дзе даведаўся, што яго ўвялі ў зман, паколькі кіраўніка дзяржавы і там не было.

Міхаіл Мяхедка ізноў вярнуўся да Адміністрацыі прэзідэнта. На гэты раз той жа маёр прапанаваў яму падыйсці ва ўпраўленне па рабоце са зваротамі грамадзян, маўляў, ваша паперы там прымуць. Аднак супрацоўнікі ўпраўлення адмовіліся прыняць зварот і Мяхедка вярнуўся да 1-га пад’езда адміністрацыі. Затым ахова у чарговы раз выклікала міліцыю і мужчыну адвезлі назад, у ГОМ.

Намеснік начальніка аддзялення міліцыі пэўны час не ведаў, што рабіць з настойлівым праўдашукальнікам, які нічога не парушаў, а толькі прасіў выклікаць адказную асобу Адміністрацыі, каб уручыць зварот на імя Прэзідэнта. Вырашылі выклікаць дактароў. Затым прыехала хуткая дапамога і доктар, пасля простых пытанняў аб тым, якая сёння дата, і які дзень тыдня, запрапанаваў праехаць з ім ў Рэспубліканскі Цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінкі. 

Працягвае распавядаць Міхаіл Мяхедка:

“У прыёмным аддзяленні мяне падрабязна распыталі, што здарылася. Я ўсё патлумачыў, пры гэтым размаўляў спакойна і ветліва. У адказ пачуў, што мяне вымушаныя пакласці на абследванне. А якая прычына для гэтага? – пацікавіўся я. Хіба мне патрэбна шпіталізацыя? На гэта дзяжурны ўрач паведаміў, што маўляў, ёсць міліцэйскі рапарт, у якім указана, што вы паводзілі сябе неадэкватна, ламіліся ў дзверы, падалі на зямлю. Па гэтай прычыне вас сюды і даставілі.

– Ну вы ж бачыце, што паводжу я сябе спакойна, ураўнаважана, дрэнных слоў не кажу, размова ў нас цалкам лагічная. Дзеля чаго патрэбна мяне шпіталізаваць?  Тым больш, што я толькі выпісаўся з бальніцы, перанес інсульт.

На жаль, у прыёмным аддзяленні пры паступленні мне далі падпісаць пагадненне аб добраахвотным змяшчэнні ў псіхіятрычны шпіталь. Я ня ведаў што гэта такое, не ведаў адпаведных працэдур і  падпісаў гэтую паперу.  Пазней дактары самі ж  дакаралі мяне: а навошта ты падпісваў тое пагадненне, ты ж добра заканадаўства ведаеш? Я адказаў, што калі ў гэтай краіне яшчэ і дактарам нельга давяраць, то каму тады ўвогуле верыць можна?”

Літаральна следам за “хуткай дапамогай” у шпіталь прыехаў на сваім аўтамабілі стрыечны брат Мяхедкі, які стаў прасіць адпусціць Міхаіла і паабяцаў адвезці дахаты. Аднак дактары былі няўмольныя і выклікаўшы супрацоўніка міліцыі, адвялі мужчыну ў назіральную палату да буйных  хворых, дз ён правёў ноч.  Дзяжурны доктар, які аглядаў хворых, паведаміў Мяхедку, што з ім пазней будуць размаўляць асобна. Вечарам хворых калолі ўколамі, а яму ніякіх працэдур не рабілі.

Міхаіл Мяхедка паведаміў праваабаронцам пра тыя ўмовы, у якіх утрымліваюцца псіхічна хворыя:

“У назіральнае палаце размяшчаецца  дзесяць ложкаў, усе яны занятыя хворымі, якія знаходзяцца тут па месяцы і болей. Некаторыя з іх прывязаныя да ложкаў. Вечарам санітар з крыкамі пачынае ўсіх укладваць спаць, пачынаецца валтузня. Здаровых людзей там я не ўбачыў. Стрыечны брат, які заходзіў да мяне, бачыў як па калідоры супрацоўнікі міліцыі вялі чалавека ў ашыйніку і на павадку, як сабаку.  Пры гэтым папярэджвалі, каб усе адыйшліся, бо ён можа пакусаць. Назіральная палата ахоўваецца, аднак можна выйсці ў туалет альбо пакурыць. Пры гэтым трэба абавязкова пытацца дазволу ў санітара.

Харчаванне звычайнае, якое прапануюць усе лякарні, на сняданак давалі грэчневую кашу”.

Калі на другі дзень Мяхедку паклікалі ў кабінет да ўрача, там адбылася размова, пад час якой паведамілі, што ён цалкам адэкватны, аднак адпусціць яго не могуць, паколькі ёсць рапарт і павінна быць нейкае распараджэнне ад тых, хто яго затрымліваў, таму трэба яшчэ дзень паляжаць у шпіталі.

Пасля гэтага псіхолаг правёў тэставанне вымушанага хворага на адэкватнасць: задаваў агульныя пытанні, прасіў скласці кубікі, патлумачыць сэнс прымавак.

Нечакана, у другой палове дня, Міхаіла Мяхедку адпусцілі з Рэспубліканскага цэнтра псіхічнага здароўя:

"Я разумею, што падзеі могуць развівацца непрадказальна. Я хацеў бы ўзяць партрэт прэзідэнта, прыйсці да будынку Вярхоўнага суда, адкуль я нядаўна атрымаў чарговую адпіску, стаць там на прыступках. Псіхушкі я не тое, што баюся, але не жадаў бы туды трапляць ізноў, паколькі разумею, што там я ніхто і нішто. Я назіраў, як урач казаў пацыенту: “Вось вы ляжыце ў ложку другі месяц і ніводнага разу не падняліся. А той адказвае, што ўставаць не хоча, што яму добра і так".

Субяседнік асобна ў размове прасіў адзначыць, што у Цэнтры псіхічнага здароўя да яго паставіліся з разуменнем, што не скажаш пра тых, хто складаў непраўдзівы рапарт і накіраваў яго да псіхіятраў. Прычым, як  высветлілі пазней сваякі Мяхедкі, былі складзеныя два рапарты, паколькі па першаму дакументу дактары адмаўляліся накіроўваць яго на шпіталізацыю, паколькі не было падстаў. Затым ужо ў рапарце з’явіліся сведчанні пра неадэкватныя паводзіны Мяхедкі.

На жаль, сітуацыі, калі грамадзяне не па сваёй волі трапляюць да псіхіятраў нярэдкія ў беларускім грамадстве, адзначаюць праваабаронцы. Карная медыцына, як адзін з інструментаў ціску, выкарыстоўваецца структурамі ўлады, каб зламаць волю людзей да адстойвання сваіх правоў і пошуку справядлівасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства