viasna on patreon

Ігар Пастноў мае намер абмеркаваць пытанні карнай псіхіятрыі з дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра псіхічнага здароўя

2014 2014-06-26T01:49:08+0300 2014-06-26T01:49:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/psihiatryja.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Віцебскі "урач-праўдаруб" напісаў адкрыты ліст Аляксандру Старцаву, дырэктару Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя, дзе просіць аб сустрэчы. Пагаварыць Ігар Пастноў хоча пра лёс жыхаркі Маладзечна Алесі Садоўскай.

Ліст Ігара Пастнова размешчаны на сайце freeregion.info. Віцебскі ўрач просіць спадара Старцава "асабіста разабрацца ў фактах выкарыстання беларускай псіхіятрыі ў карных мэтах. Перш за ўсё, што да дзяўчыны з Маладзечна Алесі Садоўскай". Ён піша, што "яе пасля збіцця і гвалту ў Маладзечанскім РАУС, спрабавалі прызнаць вар'яткай і накіраваць на прымусовае лячэнне" Аднак суд накіраваў яе на паўторную псіхіятрычную экспертызу, якая мусіць адбыцца 26 чэрвеня.

У адкрытым лісце Ігар Пастноў зазначае, што спадзяецца на справядлівае вырашэнне лёсу дзяўчыны, тым болей, што яна ўжо прайшла экспертызу ў Маскве ў Незалежнай псіхіятрычнай асацыяцыі Расіі (НПАР), і адмыслоўцы прызналі, што Алеся Садоўская не мае патрэбы ў псіхіятрычным лячэнні.

Віцебскі ўрач просіць , каб 27 чэрвеня або 30 чэрвеня дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя прыняў яго асабіста, "з дакументамі па гэтай справе, якая ганьбіць беларускую псіхіятрыю".

"Калі ўсё ж яе адправяць на прымусовае лячэнне, то яна, як і я, будзе ахвярай карнай псіхіятрыі беларускага рэжыму, а беларускай псіхіятрыі ад гэтай ганьбы будзе складана адмыцца. Нават у суровыя гады сталінскіх і хрушчоўскіх рэпрэсій беларуская псіхіятрыя не заплямілі сябе фактамі расправы над іншадумцамі", -- завяршае свой ліст Ігар Пастноў.
У сацыяльнай сетцы "Facebook" ён просіць падтрымкі: прапануе тэлефанаваць у Рэспубліканскі цэнтра псіхічнага здароўя і пытацца, ці гатовы дырэктар яго прыняць.

Ігар Пастноў ужо не аднойчы заяўляў, што гатовы дапамагаць праваабаронцам у змаганні за правы тых, хто церпіць ад міліцэйскага гвалту і карнай псіхіятрыі. Асабіста яму таксама давялося адчуць уласнае бяспраўе ў спецыялізаванай медычнай установе.

16 жніўня мінулага году яго забралі ў псіхіятрычны шпіталь, 20 жніўня суд санкцыянаваў для яго прымусовае псіхіятрычнае лячэнне, якое ён праходзіў на працягу месяца. Здарылася гэта пасля шэрагу крытычных відэавыступаў пра бяздзейнасць мясцовых уладаў і кепскі стан медыцыны ў Віцебскай вобласці. На судзе не было ні самога Пастнова, ні ягонага адваката – шпіталізаванаму “ўрачу-праўдарубу" нават не далі магчымасці забяспечыць сабе абарону, а пасля, у шпіталі, абмежавалі любога кшталту зносіны з наведнікамі.

29 жніўня праваабарончая арганізацыя «Міжнародная Амністыя» заявіла пра гатоўнасць прызнаць Пастнова вязнем сумлення. 2 верасня была прынята сумесная заява Беларускага Хельсінкскага Камітэта і ПЦ «Вясна» з нагоды прымусовай шпіталізацыі Ігара Пастнова. Беларускія праваабаронцы заклікалі кампетэнтныя органы "неадкладна вызваліць Ігара Пастнова з псіхіятрычнага стацыянара і перагледзець рашэнне аб яго прымусовай шпіталізацыі ў адкрытым працэсе з захаваннем устаноўленых працэдур і прынцыпаў справядлівага судовага разгляду".
Аднак да гэтай пары аспрэчыць рашэнне Віцебскага райсуду не ўдалося. Ігар Пастноў накіраваў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН, ён лічыць, што падчас суду ў дачыненні да яго былі парушаны адразу некалькі артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. КПЧ ААН зарэгістраваў ягоную заяву .

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства