viasna on patreon

Віцебскі абласны суд не разглядаў публічна справу Георгія Станкевіча

2014 2014-05-07T22:48:35+0300 2014-05-07T22:48:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/victbsk-ablasny-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Настаўнік з Бешанковічаў, паэт і бард Георгій Станкевіч падаў касацыйную скаргу на рашэнне раённага суда, які 3 красавіка аштрафаваў яго на 50 базавых велічынь за выраб і распаўсюд газеты "Крывінка", якая выдаецца на ўласныя сродкі заснавальніка. Аднак сам Станкевіч не змог прыехаць на разгляд скаргі.

Суддзя Святлана Іванова праігнаравала тую акалічнасць, што ў судовай зале сабраліся неабыякавая да выніку людзі, віцебскія праваабаронцы. Павел Левінаў пакінуў запіс у кнізе скаргаў. Ён лічыць, што суддзя парушыла права Георгія Станкевіча на разгляд справы ў адкрытым судзе на публічным працэсе:

“Мы сказалі суддзі, што мы ёсць у зале, і што мы чакаем выніку, хаця сам Георгі Станкевіч прыехаць не змог. Аднак гэта на суддзю не паўздзейнічала. Цяпер пра вынік мы даведаемся толькі пасля таго, як Георгі Станкевіч атрымае судовае рашэнне па пошце. Касацыйную скаргу ён падаў у Бешанковіцкі райсуд 12 красавіка, адтуль справу мусілі пераслаць у абласны суд, і ўжо ў гэтым судзе яе мусяць разгледзіць не пазней як цягам месяца з часу атрымання. Выніку давядзецца чакаць”.

Настаўніка з Бешанковічаў, паэта і барда Георгія Станкевіча 3 красавіка аштрафавалі на 50 базавых велічынь за выраб і распаўсюд газеты "Крывінка", якая выдаецца на ўласныя сродкі заснавальніка. Праваабаронцы і калегі журналісты заўважылі нямала парушэнняў падчас працэсу ў Бешанковіцкім райсудзе. Суддзя Наталля Рэут катэгарычна адмовілася перанесці працэс, каб на яго з Мінска паспеў прыехаць адвакат, абазнаны ў заканадаўстве аб СМІ. А потым выдаліла з залы і самога Георгія Станкевіча, які некалькі разоў прасіў, каб яму прадаставілі перакладчыка.
Супрацоўнік міліцыі, старэйшы аперупаўнаважаны Дзмітрый Карась склаў на Георгія Станкевіча пратакол паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП. Выдавец “Крывінкі” лічыць, што рэпрэсіі супраць яго выкліканы памкнненнем абмежаваць для ягоных землякоў доступ да праўдзівай інфармацыі:

“Я не маю спадеваў, што Віцебскі абласны суд прыме станоўчае рашэнне, і мая справа будзе перагледжана раённым судом. За парушэнне парадку выдавецтва і распаўсюду "Крывінкі" мяне судзяць ужо трэці раз. Два мінулыя разы я таксама падаваў скаргі ў абласны суд, але гэта нічога не змяніла – рашэнні раённых суддзяў заўжды пакідалі ў сіле. І тым не менш, калі гэтым разам станоўчага рашэння зноў не будзе, я буду скардзіцца далей: старшыні абласнога суда, у Вярхоўны суд...”

Прэтэнзіі да Георгія Станкевіча, як ён сам заўважыў, пачынаюцца падчас нейкіх значных грамадскіх падзеяў. Так, першую адміністрацыйную справу супраць яго і "Крывінкі" распачалі ў 2010 годзе. Тады якраз ішла выбарчая кампанія, і спадар Станкевіч балатаваўся ў дэпутаты райсавету. Скончылася справа судом і штрафам памерам 20 базавых велічынь. Наступны штраф у 2012 г. быў ужо ў два разы большы – 40 базавых велічынь. Сёлета спадар Станкевіч таксама браў удзел у выбарчай кампаніі, балатаваўся ў раённы і абласны саветы. Матэрыялы адміністрацыйнай справы супраць яго збіраліся непасрэдна перад самымі выбарамі. Апошні штраф памерам 50 базавых велічынь – максімальны паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.


Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства