viasna on patreon

Георгія Станкевіча судзілі без перакладчыка, без адваката, а ўрэшце – і без яго самога

2014 2014-04-03T10:33:54+0300 2014-04-03T10:33:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stankevich-georg-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Настаўніка з Бешанковічаў Георгія Станкевіча, які ўжо некалькі гадоў за ўласныя сродкі выдае газету "Крывінка", судзілі за парушэнне парадку яе распаўсюду. Суддзя Бешанковіцкага райсуду Наталля Рэут катэгарычна адмовілася перанесці працэс, каб на яго змог трапіць адвакат з Мінску, абазнаны ў заканадаўстве аб СМІ. А потым выдаліла з залы і самога Георгія Станкевіча.

Адзінае хадайніцтва, якое суддзя Наталля Рэут пагадзілася задаволіць, – гэта хадайніцтва пра азнаямленне з матэрыяламі справы. Паводле Георгія Станкевіча, шмат што ў гэтых матэрыялах стала для яго адкрыццём:

"Калі 27 сакавіка на мяне складалі пратакол пра правапарушэнне, старэйшы аперупаўнаважаны Дзмітрый Карась сказаў, што супраць мяне сведчаць два прадпрымальнікі з бешанковіцкага кірмаша. Маўляў, я раздаваў ім газету "Крывінка", і рабіў гэта, парушаючы цэлы шэраг артыкулаў закону аб СМІ. Аднак у матэрыялах маёй справы я ўбачыў нейкі загадкавы ліст, напісаны нібыта маімі аднавяскоўцамі, якія "выкрываюць" факты незаконнай выдавецкай дзейнасці. Паходжанне ліста сумнёўнае: па-першае, ён ананімны. Па-другое, наўрад ці бабулькі з маёй вёскі Старыя Ранчыцы ведаюць такое слова, як "беспредел", каб прасіць "спыніць" гэтую справу адразу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - бо менавіта ў прэзідэнцкую адміністрацыю гэты ліст быў дасланы. І было гэта нібыта яшчэ ў студзені, а потым яго "спусцілі" па інстанцыях у Бешанковіцкі раён. І 22 сакавіка знайшлі тых, хто атрымаў газету на кірмашы".

Прадпрымальнікі з Бешанковіцкага кірмаша былі выкліканы ў суд у якасці сведкаў, а таксама і нейкі спадар Бяляеў, які сам газету не атрымліваў – толькі па словах жонкі ён ведае, хто і як яе распаўсюджваў.

Але паказанні сведкаў Георгію Станкевічу паслухаць не ўдалося: суддзя выдаліла яго з залы пасяджэння нібыта за парушэнне правапарадку:

--Усё парушэнне было ў тым, што я прасіў выклікаць у суд перакладчыка, бо ўжо 18 гадоў размаўляю толькі па-беларуску, і магу нешта не зразумець у юрыдычнай тэрміналогіі. Аднак гэтае хадайніцтва суддзя не задаволіла. Не было задаволена і хадайніцтва пра адваката, якога я чакаю з Мінску. Справа ў тым, што позву ў суд я атрымаў толькі ўчора, і ніяк бы не здолеў з'ездзіць у Мінск, каб заключыць пісьмовую дамову з адвакатам. Мне патрэбны спецыяліст, які разбіраецца ў заканадаўстве аб СМІ, і такога знайшлі мае сябры з ГА БАЖ. Аднак суддзя сказала, каб я ішоў у мясцовую адвакацкую кантору, і ніякія мае аргументы на яе не паўздзенічалі. Я напісаў скаргу на імя старшыні суду, аднак яе тэрмінова не разгледзілі. Сабраўся пісаць другую скаргу, бо нават калі я даў усе кантактныя звесткі мінскага адваката, суддзя заявіла, што чакаць яго не будзе, бо ў нас няма пісьмовай дамоўленасці. Папрасіў зрабіць перапынак на 15 хвілін, каб напісаць скаргу. Суддзя адмовіла. Заявіў адвод суддзі – яна яго не прыняла таксама, ды яшчэ пачала крычаць… Потым сказала, каб я выйшаў з залы, і далей рзглядала справу ўжо без мяне, пазбавіўшы мяне права бараніцца хаця б самому".

Выдалены з залы суду Георгій Станкевіч пайшоў у пракуратуру і падаў скаргу на дзеянні суддзі Наталлі Рэут. Пракурор паабяцаў даць пісьмовы адказ, а ўмяшацца ў справу неадкладна не палічыў патрэбным. Была напісана і другая скарга на імя старшыні суду. Тым часам суддзя завяршыла працэс, паабяцаўшы азнаёміць Георгія Станкевіча з пастановай 3 красавіка.

На выдаўца газеты, вядомага барда, паэта, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў Георгія Станкевіча складзены пратакол паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП. Па падобных абвінавачаннях – за парушэнне парадку распаўсюду "Крывінкі" – яго судзяць ужо трэці раз. Прэтэнзіі да Георгія Станкевіча, як ён сам заўважыў, пачынаюцца падчас нейкіх значных грамадскіх падзеяў. Так, першую адміністрацыйную справу супраць яго і "Крывінкі" распачалі ў 2010 годзе. Тады якраз ішла выбарчая кампанія, і спадар Станкевіч балатаваўся ў дэпутаты райсавету. Скончылася справа судом і штрафам памерам 20 базавых велічынь.

Наступны штраф у 2012 г. быў ужо ў два разы большы – 40 базавых велічынь. Сёлета Г. Станкевіч таксама браў удзел у выбарчай кампаніі, балатаваўся ў раённы і абласны саветы. Паказанні сведак супраць яго былі ўзяты якраз напярэдадні асноўнага дня галасавання.

 

 

Рыгор Станкевіч

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства