viasna on patreon

Датэрміновае галасаванне: прымус, прыпіскі, ціск на назіральнікаў

2014 2014-03-20T16:55:00+0300 2014-03-20T13:59:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vybary-2014-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

За два дні датэрміновага галасавання на выбарах у мясцовыя саветы назіральнікамі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” зафіксаваныя шматлікія і разнастайныя парушэнні:  меў месца прымус да удзелу у датэрміновым галасаванні, завышэнні колькасці выбаршчыкаў, факцы ціску на саміх назіральнікаў.

Выпадкі прымусу да удзелу ў датэрміновым галасаванні адзначаныя ў самых розных месцах Беларусі. Так, па участковай выбарчай камісіі №35, якая размешчаная ў Кастрычніцкім раёна Віцебска толькі за першы дзень галасавання прагаласавала больш за 11% ад спісачнай колькасці выбарцаў.  

У шматлікіх дзяржаўных установах адбыліся сходы, на якіх работнікам было рэкамендавана прагаласаваць датэрмінова. Напрыклад, у Глыбокім, такім чынам выкарыстоўваўся адміністратыўны рэсурс кіраўніцтвам пошты, ДЭУ, малочна-кансервавага камбіната, мясакамбіната. Загадана было прагаласаваць датэрмінова работнікам дэпартамента “Ахова”, РАУСа, УЖ 15/13.  Кіраўніцтвам ААТ "Канстанцінаў Двор"  было загадана галасаваць датэрмінова, на выбарчым участку № 20 за адзін дзень прагаласавала 66 чал.

296 студэнтаў Мазырскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, дзе месціцца УВК №32, прагаласавалі за адзін дзень.

Падобным чынам свой “абавязак” выканалі 139 студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Скарыны, якія жывуць у інтэрнаце, размешчаным на тэрыторыі ўчастка №29. Адна з студэнтак заявіла прама на ўчастку, што ім сказалі, каб яны прагаласавалі абавязкова (у яе былі праблемы з прапіскай, і ёй не хацелі даваць бюлетэнь).

У Віцебску два выбаршчыкі (жанчыны) у голас апраўдваліся перад чальцамі камісіі, што прыйшлі галасаваць датэрмінова пад прымусам адміністрацыі. Там жа выбаршчыку (жанчыне) старшыня ўчастковай выбарчай камісіі № 39 Першамайскага раёна г. Віцебску Наталля Рэйнбах выдала бюлетэні па выбарах у абл- і гарсавет на яе і "за таго хлопца" . Выбаршчык прама на стале камісіі, не заходзячы ў кабіну для галасавання, праставіў адзнакі ў бюлетэнях і накіраваўся да скрыні. Апусціць іх адразу не атрымалася, паколькі шчыліна ў скрыні аказалася вузейшая за  таўшчыню бюлетэняў.

Па дадзеных УВК 164 г. Магілёва 18 сакавіка прагаласавала 104 выбарцы.  Участак для галасавання знаходзіўся ў навучальным корпусе прафесійнага ліцэя № 1 г. Магілёва. Побач з навучальным карпусам размяшчаецца і  інтэрнат ліцэя. Навучэнцам дазвалялі нават у вучэбны час сысці з заняткаў, каб прыняць удзел у датэрміновым галасаванні.

Адзначаны прымус да датэрміновага галасавання навучэнцаў мясцовага тэхнікума,  якія пражываюць у інтэрнаце . Участак (УВК №12) знаходзіцца ў памяшканні тэхнікума. Побач інтэрнат гэтага тэхнікума.

73 чалавекі прагаласавалі 18 сакавіка на  ўчастку для галасавання,які знаходзіцца ў інтэрнаце завода "Строммашына" г. Магілёва (УВК №3). Побач яшчэ два інтэрнаты. У склад камісіі былі ўключаныя работнікі гэтых інтэрнатаў і завода. Жыхароў інтэрнатаў прымушалі да датэрміновага галасавання. Работнікам інтэрнатаў перадаваліся звесткі пра тое, хто з жыхароў інтэрнатаў ня прыняў удзел у галасаванні.

Назіральнікі перадаюць размову выбарцаў, зафіксаваную на УВК №21 г. Салігорска, якіх выпраўляюць прагаласаваць з працы ў працоўны час.

У Бярозе Брэсцкай вобласці па УВК №5 датэрмінова прагаласавала 68 чалавек. 18 сакавіка старшыня Бярозаўскага райвыканкаму Юрый Наркевіч правёў нараду з кіраўнікамі прадпрыемстваў раёна і заабязаў іх забяспечыць яўку працаўнікоў прадпрыемстваў на датэрміновае галасаванне.

 

Назіральнікамі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” адзначаюць таксама істотныя завышэнні колькасці прагаласаваўшых выбаршчыкаў

У Гомелі па УВК №8 19 сакавіка па падліках назіральнікаў прагаласавала 11 выбаршчыкаў, а па падліках сябраў камісіі – 112 выбаршчыкаў. Такая ж сітуацыя і на УВК №9: у вывешаным пратаколе УВК лічба (121) прагаласаваўшых не адпавядае лічбе назіральнікаў (13). Мае месца наўмыснае павялічэнне працэнта прагаласаваўшых.

На УВК №58 Першамайскага раёна Віцебска пасля абедзеннага перапынку бюллютэні ў празрыстай урне істотна “патаўсцелі”: у выніку па падліках назіральнікаў прагаласавала 36 выбаршчыкаў, па падліках камісіі –  86 выбаршчыкаў. Там жа ў выніковым (за дзень) пратаколе пазначана не колькасць выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлетэні ў другі дзень датэрміновага галасавання, а ўвогуле за два дні.


Стабільнае несупадзенне лічбаў прагаласаваўшых адзначаецца назіральнікамі на УВК №12 Магілёва: 18 сакавіка па іх падліках  прагаласавала 104 выбаршчыкі, па падліках камісіі прагаласавала 164 выбаршчыкаў. 19 сакавіка прагаласавала 154 і  175 выбаршчыкаў адпаведна.

На некаторых участках для галасавання забываюць нават вывесіць пратакол галасавання. Напрыклад га УВК №71 г. Магілёва.

 

Зафіксаваныя таксама факты ціску на назіральнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Так, на другі дзень датэрміновага галасавання ў 18 гадзін 45 хвілін назіральніка на УВК №71 г. Магілёва Самахвалаву М.В. пазбавілі права назіраць за выбарамі. Прычынай паслужыла яе заява ў выбарчую камісію аб тым, што толькі тры члены камісіі з 15 прысутнічалі пры апячатванні скрыняў для галасавання.

Назіральніка Вадзіма Кузьміна на УВК №35 Віцебска,  старшыня камісіі папракаў у грубай форме за "спробы сарваць выбары" а заты увогуле забараніў падымацца з месца, каб нешта ўбачыць на ўчастку".

Назіральнікі прыводзяць найбольш яскравыя выпадкі парушэнняў пад час датэрміновага галасавання. Цалкам вынікі назірання за выбарамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў 27-га склікання будуць абвешчаныя пад час прэс-канферэнцыі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якая адбудзецца 24 сакавіка.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства