viasna on patreon

"Маўклівыя" акцыі і наведваньне падаткавай інсьпекцыі

2013 2013-11-21T14:18:17+0300 2013-11-21T14:18:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі. З блогу на “Беларуском партизане”.Першыя лісты-успаміны з гэтай серыі былі напісаныя ў верасні 2012 года, апошнія – у чэрвені 2013:

18 лістапада 2012 г., Бабруйск

У чэрвені 2011 года прыехалі ў Менск нашыя калегі-сябры з Осла: Берыт, Іна і Вольга. Дакладней сказаць, зьбіраліся прыехаць. У менскім аэрапорце памежнікі прапусьцілі толькі Берыт зь яе нарвежскім пашпартам. А Іну, якая мела расійскі пашпарт з двухгаловым арлом, і Вольгу з украінскім пашпартам з трызубцам разьвярнулі назад. У Беларусь іх не пусьцілі. Можа, апасаліся, што яны далучацца да міжнароднай назіральніцкай місіі праваабаронцаў. Сяброў гэтай місіі — і расіянаў, і ўкраінцаў — шукалі і выдалялі зь Беларусі. А можа, яшчэ з-за нейкіх невядомых нам прычынаў ці беспрычынна. У такіх выпадках улады амаль ніколі не тлумачаць прычыны адмовы ва ўезьдзе. Дзяўчаты ноч прасядзелі ў аэрапорце на нейтральнай тэрыторыі, дзе няма ніякіх умоваў для такога начаваньня, а назаўтра зранку вылецелі назад у Нарвегію.

Берыт першым чынам зьявілася да нас. Яна была ўсхваляваная. Яе калегі з Нарвежскага Хельсінкскага камітэта з Осла, даведаўшыся пра сітуацыю, раілі ёй не рызыкаваць і неадкладна вяртацца назад. Берыт была ў нас паўгода таму, падчас выбараў, і бачыла, што адбывалася 19 сьнежня 2010 года на вуліцах і плошчах Менска. “Алесь, што мне рабіць?” — пыталася яна. Юрыстка па адукацыі зь міжнародным прызнаньнем, праваабаронца па пакліканьні, прыгожая, бялявая нарвежка з блакітнымі вачыма, маці траіх дзяцей, мая даўняя сяброўка Берыт запытальна глядзела на мяне. “Што табе хвалявацца? — адказаў я. — Калі цябе ўжо ўпусьцілі ў краіну, дык скарыстайся з гэтага.”

Берыт супакоілася. Урэшце, не першы раз за сваю праваабарончую дзейнасьць яна трапляла ў складаную і непрыемную сітуацыю. Мы сядзелі на варыўні, пілі гарбату з цукеркамі, якія Берыт прывезла нам у падарунак, як у яе зазваніў сотавы тэлефон. Гэта быў наш агульны знаёмы швед, які толькі як учора прыляцеў у Менск. Ён хацеў з намі сустрэцца, але ўжо ведаў пра прыгоды Іны і Вольгі на мяжы і моцна хваляваўся. Ісьці да нас на офіс ён засьцерагаўся і прасіў сустрэцца зь ім дзе-небудзь у горадзе. “Няхай скажа куды, і мы пад’едзем”, — сказаў я Берыт. Шведы і нарвежцы звычайна размаўляюць міжсобку на сваіх мовах і добра разумеюць адзін аднаго, прыкладна так, як беларусы і ўкраінцы.

Яны дамовіліся сустрэцца каля метро “Кастрычніцкая” праз гадзіну, на прасьпекце Незалежнасьці, насупраць ГУМа.

Мы спакойна дапілі гарбату, крыху паразмаўлялі пра агульную сітуацыю ў Беларусі пасьля выбараў і праз паўгадзіны выбраліся на сустрэчу.

Калі мы зайшлі ў метро, аказалася, што цягнік на станцыі метро “Кастрычніцкая” не спыняецца…“Сёньня чарговая акцыя грамадзянскага непадпарадкаваньня, — патлумачыў я Берыт, — людзі зьбіраюцца і моўчкі ходзяць па прасьпекце Незалежнасьці, часам пляскаюць у ладкі”. Папярэднія акцыі, абвешчаныя ў інтэрнэце, зьбіралі па некалькі соцень чалавек. У асноўным гэта была не заангажаваная раней у палітыцы моладзь. Гэтыя самаарганізаваныя акцыі былі вынікам страшэннай інфляцыі, абвалу беларускага рубля.

Мы даехалі да плошчы Перамогі, выйшлі зь метро і пайшлі пешшу па прасьпекце. Мы ішлі па правым баку прасьпекта, мінулі Кастрычніцкую плошчу. На ёй, бліжэй да ўніверсама “Цэнтральны”, грамадзіўся народ. Людзей было, можа, зь дзьве тысячы асобаў, нязвыкла багата, як для такой віртуальна арганізаванай акцыі. Мы зь Берыт прайшлі скрозь грамаду. Людзі былі на эмацыйным пад’ёме, пасьміхаліся, дружна пляскалі ў ладкі. Адразу неяк павесялелі і мы.

Нашага знаёмага мы знайшлі на аўтобусным прыпынку насупраць ГУМа на другім баку прасьпекта. Ён быў моцна ўстрывожаны. Называецца, прызначыў сустрэчу ў спакойным месцы — ходзіць поўна людзей, міліцыі, рухаюцца туды-сюды, пляскаюць у ладкі. Ён нічога не мог зразумець: куды ён патрапіў! Я патлумачыў яму, што адбываецца, і падбадзёрыў яго.

Мы адышліся падалей ад “маўклівых” пратэстантаў і паразмаўлялі. Затым я разьвітаўся зь Берыт, а напалоханы швед у гэты свой прыезд так замаскіраваўся, што болей і не адгукнуўся. Берыт адправілася на іншыя сустрэчы, і мы дамовіліся: раптам што здарыцца, яна будзе неадкладна тэлефанаваць мне.

Але мне ў гэты дзень патэлефанавала іншая дзяўчына. Гэта была інсьпектар з падаткавай інсьпекцыі Першамайскага раёна, дзе я стаяў на ўліку. Яна папрасіла мяне зайсьці ў інсьпекцыю. “А ў чым справа?” — пацікавіўся я. Яна сумелася, падбіраючы словы, потым сказала: "Падыдзіце, на месцы тут будзем размаўляць”. Хіба па дэкларацыі за мінулы год выклікае, падумаў я. Можа, нейкія ўдакладненьні. У 2008 годзе, калі падчас парламенцкіх выбараў мы арганізоўвалі і праводзілі кампанію “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, мяне выклікалі ў падаткавую, праверылі мае даходы-расходы ці не ад пачатку 90-х гадоў і паставілі на ўлік. Цяпер штогод я запаўняў дэкларацыю аб даходах.

Назаўтра зранку я быў у падаткавай інсьпекцыі. Інсьпектар прапанавала мне прысесьці, а потым дрыжачым ад хваляваньня голасам паведаміла, што прыйшло ўказаньне міністэрства праверыць мае даходы. Адтуль у інсьпекцыю перадалі дакументы. Якое тлумачэньне я магу даць у зьвязку з гэтымі дакументамі? Яна паказала мне раздрукоўкі зь літоўскага банка. Тлумачэньні даваць я не пажадаў і папрасіў зрабіць мне копію раздруковак, каб падрыхтаваць удома абгрунтаваны адказ.

Інсьпектар надзіва хутка пагадзілася. У пакоі, дзе сядзелі яшчэ некалькі жанчынаў-інсьпектараў, застыла цішыня. У іхніх касых беглых позірках я бачыў спачуваньне. Было такое адчуваньне, што ў пакоі знаходзіцца нябожчык. Я забраў ксеракопіі і разьвітаўся з інсьпектаркаю. Я ўжо ведаў, што ў бліжэйшы час мне прыйдзецца яшчэ раз сустрэцца з падаткавікамі. Так, як выжлы, напаўшыя на сьлед, рэдка калі кідаюць яго.

Калі я прыйшоў на офіс, Берыт была ўжо там. Я паказаў паперы сваім калегам. Мне падалося, што я апынуўся ў прыёмным пакоі “хуткай дапамогі”. Яны кінуліся да камп’ютара, паглядзелі магчымыя санкцыі. Выходзіла да пяці гадоў “хіміі” ці ўзмоцнены рэжым ад трох да сямі гадоў, з канфіскацыяй маёмасьці альбо без канфіскацыі. Берыт разгублена глядзела на ўсю мітусьню, якая адбывалася вакол яе, шырока расплюшчанымі вачыма.

“Вось, Берыт, — сказаў я ёй, — як ты прыязджаеш, вечна што-небудзь у нас здараецца. Так было ў 2006 годзе, калі ты прыехала ў Менск і арыштавалі ўвесь намётавы гарадок, так было і 19 сьнежня 2010 года, калі разагналі маніфестацыю на плошчы Незалежнасьці, так і зараз. Вось ты прыехала, і падобна, што мяне пасадзяць”, — жартаўліва выгаворваў я ёй. “Але гэта не з-за мяне!” — шчыра запярэчыла Берыт, потым паглядзела на мяне, і мы дружна расьсьмяяліся. “Гэта, Алесь, усё вельмі сур’ёзна”, — сказаў мне мой калега юрыст. “Я зразумеў”, — адказаў я.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства