Хроніка “Сеткавай Рэвалюцыі”: па краіне затрымана больш за 240 чалавек (дапаўняецца)
Удзельнікамі акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», што прайшла 15 чэрвеня на галоўных плошчах беларускіх гарадоў стала некалькі тысяч чалавек. Найбольш шматлюдная акцыя прайшла ў Менску. Людзі сабраліся таксама ў Берасьці, Віцебску, Гомелі, Горадні, Магілёве, Баранавічах, Барысаве, Воршы, Салігорску, Бабруйску, Мазыры, Маладэчне, Полацку, Слуцку, Вялейцы, Жодзіне, Лідзе і Кобрыне. Па папярэдніх звестках па краіне было затрымана больш за 240 чалавек.
МЕНСК. Ад пачатку акцыі людзям заміналі сабрацца на Кастрычніцкай плошчы. Сама плошча ачэпленая супрацоўнікамі міліцыі. Кіроўцаў, якія сыгналамі вітаюць удзельнікаў акцыі, супрацоўнікі міліцыі спыняюць. Удзельнікаў акцыі, колькасцю больш за 1000 чалавек, выціскаюць у раён Дому афіцэраў і гоняць да вуліцы Купалы. Выціскаюць таксама ад “Цэнтральнага» ўнівэрсаму да ГУМу.Супрацоўнікі міліцыі знялі бэджыкі. Як патлумачыў адзін з іх - так загадала начальства.
З’явіліся першыя затрыманыя. Сяргея Андросенку разам з двумя сябрамі зпатрымалі яшчэ каля Галоўпаштамту і суправадзілі ў міліцэйскі аўтобус. У 19-50 пераапранутыя супрацоўнікі міліцыі затрымалі невядомага маладога чалавека. У 20-00 паміж “Макдональдсам і плошчай Свабоды міліцыя затрымала дваіх юнакоў, якіх павялі ў арку дома.Затрыманы прыкладна ў 20-50 Алесь Галіцкі паведаміў, што ў аўтобусе знаходзіцца чацвера.
Затрыманага журналіста «Эўрапейскага радыё для Беларусі» Паўла Сьвярдлова выпусьцілі з Цэнтральнага РУУС, паведаміла «Эўрарадыё». Паводле Сьвярдлова, разам зь ім былі затрыманыя 18 чалавек. Стала вядома таксама пра вызваленьне ўсіх затрыманых у Берасьці, Салігорску і Маладэчне. Пазней стала вядома, што усе яны адпушчаныя без складання пратаколу. Многія былі моцна збітыя: Сяргея Андросенку збілі твар, Уладзімера Лапцэвіча білі па лёгкіх і паясніцы. Сярод затрыманых Шуманскі Ілля і Савіч Алег.
БЕРАСЦЕ. На плошчы Леніна міліцыя пад час акцыі затрымала 11 чалавек. Сярод затрыманых журналісты мясцовай «Брестской газеты» Станіслаў Каршуноў і Зміцер Босак. Таксама сярод затрыманых – Зміцер Шухрай, Ганна Канюс, Міхаіл Ільін, Яўген Скрабец, Арцём Палачанін, Дзяніс Турчаняк, Андрей Ваўчок. Пры затрыманні была ўжытая фізічная сіла.
ВІЦЕБСК. 15 чэрвеня ў Віцебску было затрымана каля двух дзясяткаў грамадзянаў, якія знаходзіліся на плошчы Перамогі. Усе яны, быццам бы, былі падобныя на нейкіх злачынцаў. Затрымных трымалі ў дзяжурцы амаль паўтары гадзіны, пасля чаго сталі выводзіць у “Актовый зал”, дзе бралі “объяснительные” наконт таго, дзе яны знаходзіліся 14 чэрвеня ад 0:00 да 04:00. Пасля гэтага ўсіх адпускаліся без ніякіх наступстваў. Усяго, па дадзеных “ННВ”, было затрымана больш за дваццаць чалавек. Сярод затрыманых - галоўны рэдактар сайту Народныя Навіны Віцебска Сяржук Серабро.
ГАРОДНЯ. 15 чэрвеня ў Гродне а 19-й гадзіне на Савецкай плошчы павінен быў адбыцца збор памежных гандляроў, якія апошнім тыднем пратэстуюць супраць ўвядзення новых мытных правілаў перасячэння дзяржаўнай мяжы. Ужо на падыходзе да пляцу людзей пачалі затрымліваць. Адным з першых затрыманых стаў грамадска-палітычны Дзмітрый Бандарчук. Нягледзячы на тое, што ён паказаў свае дакуманты, яго разам з 4 іншымі асобамі прымусілі сесці ў міліцэйскую машыну. Дзмітрый Бандарчук паспеў паведаміць праз тэлефон, што іх вязуць у кірунку Кастрычніцкага РАУС. Праз 10 хвілін стала вядома пра затрыманне ўжо больш як 30 чалавек, сярод іх -- Надзея Крапівіна, жонка палітвязня Алеся Кіркевіча. Як сведчаць мясцовыя праваабаронцы ўсяго была затрымана па розных зьвестках да 100 чалавек. Толькі ў адным з РАУСаў знаходзіліся 22 затрыманыя. Сярод іх - Каляда Юля, грамадзянка Польшчы Ліхняровіч Агнешка, Пятрэнка Аляксей, Сак Дзмітрый, Катыня Алесь, Саранчукоў Вадзім, Чарняўскі Барыс. Зараз усе яны на волі.
ГОМЕЛЬ. Не абыйшлося без затрыманняў у Гомелі. Тут ад самага пачатку акцыі былі затрыманыя Шчыракова Ларыса, Няпомняшчых Уладзімір і Руслан Усціменка. Разам з імі яшчэ трое. Усіх даставілі ў РАУС Цэнтральнага раёна Гомеля. Сярод затрыманых – грамадзянін Расіі Аляксандр Канавалаў, на якога складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні. Пазней стала вядома аб затрыманьні карэспандэнта "Камсамольскай праўды" Паўла Міцкевіча і актывіста Пятра Кузняцова.
МАГІЛЁЎ. Супрацоўнікі міліцыі не далі правесці акцыю "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" на плошчы Леніна ў Магілёве. Плошча, на якой яна мела адбыцца, была ачэплена міліцыяй. Супрацоўнікі міліцыі, якія знаходзіліся па ўсім перыметры плошчы, без тлумачэння прычынаў не прапускалі мінакоў на плошчу: ім прапаноўвалася абысці яе. Удзельнікі акцыі сабраліся ў скверы, які знаходзіцца праз дарогу ад плошчы. У акцыі, якая доўжылася каля 30 хвілін, узяло ўдзел блізу 200 чалавек.
БАРАНАВІЧЫ. У маўклівай акцыі на цэнтральнай плошчы прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек. Трое былі затрыманыя, піша INTEX-PRESS. Сярод іх — дэмакратычны актывіст Уладзімір Гундар, інвалід другой групы. Спачатку міліцыянты прапанавалі яму паехаць на дактыласкапію, а пасля павялі ў аддзяленне сілком. Там далі падпісаць паперу, што ён не будзе надалей удзельнічаць у несанкцыянаваных акцыях. Гундар адмовіўся. Іншых затрыманых таксама вадзілі «на гутаркі» па адным. Затрыманыя таксама Мікалай Сухарэвіч і Максім Дудка. Адпусцілі ўсіх праз некалькі гадзін.
БАРЫСАЎ. У Барысаве на 19.10 затрыманы каля 10 чалавек з тых людзей, што сабраліся на акцыю, арганізаваную праз сацыяльныя сеткі. Акцыя праводзіцца на цэнтральнай плошчы гораду каля будынка выканкама. Сярод затрыманых -- Міхаіл Васільеў, якія падчас прэзідэнцкіх выбараў быў даверанай асобай кандыдата Уладзіміра Някяева. На 20.20 колькасць затрыманых павялічылася да 27 чалавек.
БАБРУЙСК. Яшчэ а 18 гадзіне па перыметры плошчы Леніна былі выстаўленыя міліцэйскія "кардоны", якія спрабавалі не дапусціць збору людзей на плошчы. У выніку “Маўклівая Акцыя” у Баруйску сабрала каля 150 чалавек. На спробу іх сфатаграфаваць праваахоўнікі адварочваліся і хавалі твары. Большасць прысутных "перапісвалі" і шматзначна казалі, што іх дзеянням дадуць "прававую ацэнку". Акцыя прайшла без затрыманняў, і пасля 19.30 людзі пачалі паволі разыходзіцца.
ЖОДЗІНА. У Жодзіне каля 30 чалавек сабраліся на аналагічную акцыю каля будынка ДК "БелАЗ", пад'ехалі супрацоўнікі міліцыі, якія ў двух удзельнікаў спачатку перапісалі пашпартныя дадзеныя, а потым павялі іх у міліцэйскую машыну.Яшчэ двое знаходзяцца каля міліцэйскай машыны -- у іх нібыта непарадак з дакументамі. Астатнія ўдзельнікі акцыі пачынаюць разыходзіцца. Назіральнікі адзначаюць, што на акцыю людзі прыходзілі з дзецьмі, сем'ямі.
МАЗЫР.15 чэрвеня на цэнтральнай плошчы горада ім. Леніна ў Мазыры адбылася акцыя па закліку сайта “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”. Папярэдняя акцыя адбылася 8 чэрвеня і тады 12 яе ўдзельнікаў былі затрыманыя, дастаўленыя ў Мазырскі РАЎС. 15 чэрвеня а 19-й гадзіне на плошчы сабралася каля 60 чалавек. Людзі стаялі на плошчы як паасобку, так і малымі групамі знаёмых, сяброў, якія сусірэліся на плошчы… Гэтым разам, чынна па пешаходных ходніках і тратуарах шпацыравалі парамі міліцыянты, па перыметру плошчы па завуголлем знаходзіліся супрацоўнікі спецслужбаў… Нікога не затрымлівалі і не перашкаджалі грамадзянам адпачываць, іх дзецям бегаць вакол помніка. Закончылася акцыя каля 20-00 пад апладысменты разыходзячых грамадзян.
МАЛАДЭЧНА. У Маладэчне на Цэнтральнай плошчы сабралася больш за паўтары сотні чалавек. Падчас мерапрыемства вакол плошчы дзяжурыла міліцыя і людзі ў цывіліным. Удзельнікі паводзілі сябе спакойна і мірна. Усё адбывалае знімала на камеру Маладэчанскае тэлебачанне. Таксама на плошчы быў заўважаны галоўны раённы ідэолаг Анатоль Асманаў. Былі затрыманыя затрыманы карэспандэнт БелаПАН Яўген Сухаверхі і грамадскі актывіст Яўген Каросцік.
САЛІГОРСК. Яшчэ на падыходзе да галоўнай плошчы каля 19 гадзін супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя 19 чалавек. Сярод затрыманых вядомыя мясцовыя актывісты Аляксей Вараб'ёў, Андрусь Тычына, Уладзімір і Святлана Шылы, Павал Батуеў, Ларыса Насановіч, Віктар Малочка. Затрыманні былі жорсткія, некаторых збівалі, затрыманні праводзілі людзі ў цывільным, што прыехалі з Мінска. Цяпер ва ўсіх перапісваюць звесткі і складаюць пратаколы.
СЛУЦК. Тут сабралася каля 30 чалавек. Хвілін праз 10 набегла міліцыя, адразу пачаліся затрыманні, паведаміў мясцовы актывіст Аляксандр Осіпаў. На самой плошчы ў цэнтры Слуцку было затрымана 7 чалавек, у тым ліку Віталь Амяльковіч. Людзей адвезлі ў пастарунак, знялі адбіткі пальцаў, пасля чаго адпусцілі.
СМАЛЯВІЧЫ. Больш за 30 чалавек сабралася на цэнтральнай плошчы. Некаторыя з удзельнікаў «народный гулянняў» раскідвалі «грашовыя фанцікі». Падзеі здымаліся на відэа невядомымі асобамі. Пасьля завяршэння акцыі міліцыянты запрасілі ў РАУС Артура Эшбаева, разам з жонкай Аляксандрай і трохгадовым сынам Самірам, якіх трымалі ў міліцыі да 22 гадзін. Начальнік аддзела грамадскай бяспекі Мартысюк прасіў яго падпісаць папярэджанне аб недапушчальнасці ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях. Падтрымаць Артура да РАУСа падыйшло 12 чалавек. Усіх іх таксама затрымалі. Пасьля ўзяцця адбіткаў пальцаў і тлумачальных усіх адпусцілі.
У Вялейцы, Воршы, Мазыры, Светлагорску, Наваполацку, дзе на цэнтральных плошчах сабралася па 30-50 чалавек, акцыі прайшлі без затрыманняў.