Праваабаронца Андрэй Бандарэнка на волі
19 лістапада кіраўнік праваабарончай установы "Платформ інавейшн" Андрэй Бандарэнка выйшаў на волю па сканчэнні тэрміну арышту.
Ён быў асуджаны 14 лістапада судом Маскоўскага раёна сталіцы да 5 сутак пазбаўлення волі за ўдзел у “несанкцыянаваным мерапрыемстве”. Суддзя Таццяна Мотыль прызнала парушэннем артыкула 23.34 КаАП прысутнасць праваабаронцы каля СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага 14 верасня, дзе сваякі памерлага арыштанта Ігара Пцічкіна, якія не вераць у афіцыйную версію яго смерці, хацелі ўшанаваць памяць памерлага ўскладаннем кветак да сценаў СІЗА.
Арышт Андрэя Бандарэнкі выклікаў рэзкае асуджэнне праваабаронцаў, якое выказалі ў сваіх заявах Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, якія адназначна расцанілі арышт абаронца правоў зняволеных як помсту ўладаў за ягоную дзейнасць.
“Пакаранне Андрэя Бандарэнкі – скрайне жорсткае і неапраўданае. Бо ён пры затрыманні, якое было адвольным, выконваў абавязкі праваабаронцы – ён прыйшоў паназіраць за ўскладаннем кветак у месцы смерці Ігара Пцічкіна, і нават язык не паварочваецца назваць гэта нейкім масавым мерапрыемствам, хоць гэта так было расцэнена. І ў выніку толькі за тое, што ён падыйшоў да аўтазаку і запытаўся, колькі людзей затрымана, ён таксама апынуўся “удзельнікам” гэтага “несанкцыянаванага пікета”, - кажа юрыст “Вясны” Наста Лойка, якая прысутнічала ў судзе 14 лістапада.
Яна таксама адзначае, што міліцыя дзенічала груба і ў дачыненні да астатніх затрыманых 14 верасня. Супрацоўнікі міліцыі настолькі запужалі многіх “удзельнікаў” гэтай “акцыі”, якія ніколі раней не сутыкаліся з такім свавольствам з боку праваахоўных органаў, што яны папросту пабаяліся звяртацца па дапамогу да праваабаронцаў.
“Іх супрацоўнікі міліцыі па адным цягалі на складанне пратаколаў, у суд, дзе іх судзілі, патрабавалі сплаціць штрафы там адразу на месцы… Казалі, што кантакты з праваабаронцамі да дабра не давядуць – у іх будуць праблемы па месцы працы ці вучобы, - распавядае Наста Лойка. – І дастаткова крыўдна, што людзі верылі міліцыі і што мы не змаглі аказаць ім дапамогу ў такой сітуацыі бяспраўя. Пры гэтым, напэўна, інфармацыя пра іх суды ўсё адно прыйдзе па месцы працы ці вучобы. І як яны збіраюцца далей бараніць свае правы – не зразумела”.
Скаргу на пастанову суда Маскоўскага раёна Андрэй Бандарэнка накіраваў у Мінскі гарадскі суд яшчэ да вызвалення з Акрэсціна.