9 кастрычніка ў Віцебску – чарговы суд за недазволеныя пікеты
У Першамайскі райсуд Віцебска пададзеная скарга абласнога каардынатара руху "За свабоду" Хрыстафора Жаляпава і прадстаўніка аргкамітэту па стварэнні партыі "Народная Грамада" Аляксея Гаўруцікава. Яны збіраюцца аспрэчыць забарону раённай адміністрацыі на правядзенне пікета, які мусіў адбыцца 8 верасня, і мяркуюць атрымаць дазвол на акцыю ў іншы час.
Пікет мусіў быць інфармацыйным: актывісты збіраліся выказаць пратэст супраць размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расійскіх вайсковых баз. Месца было абранае ў адпаведнасці з рашэннем раённых адміністрацый – Парк культуры імя 30-годдзя ВЛКСМ. Аднак акцыя была забаронена на падставе рашэння гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у г.Віцебску», згодна з якім да заяўкі павінны прыкладацца дамовы на абслугоўванне мерапрыемства структурамі ЖКГ, міліцыяй і медыкамі.
Менавіта такую паслядоўнасць прадугледжвае рашэнне гарадскіх уладаў: спачатку заключэнне дамоваў, а ўжо потым – атрыманне дазволу на правядзенне акцыі. Аднак з управы МУС Віцебскага аблвыканкаму актывісты атрымалі адказ, што дамову з імі не заключаць, і менавіта таму, што акцыя не дазволена адміністрацыяй Першамайскага раёну. Адкуль у міліцэйскай структуры ведалі, што акцыя не дазволеная, калі да іх звярталіся ўсяго толькі па дамову, застаецца пад пытаннем. Гэта і належыць высветліць суду: чаму быў парушаны парадак, прадугледжаны рашэннем гарвыканкаму № 881.
У суд 9 кастрычніка выклікаюцца не толькі адказныя работнікі абласной управы МУС. Сваю пазіцыю мусяць патлумачыць і медыкі: Віцебская гарадская цэнтральная паліклініка №1 таксама адмовілася заключыць дамову з актывістамі. Афіцыйная прычына адмовы – "у сувязі з работай брыгад хуткай дапамогі 08.09.2013 г. ва ўзмоцненым рэжыме".
Раней медыкі адмаўляліся дасылаць хуткую дапамогу на апазіцыйныя пікеты "ў сувязі з сезоннымі захворваннямі" ды з іншых падобных прычын. Праз такое стаўленне адказных структур правядзенне акцый паводле ініцыятывы актывістаў ужо на працягу больш як трох гадоў стала немагчымым. Толькі прадпрыемства "Зеленгас" пагаджаецца на супрацоўніцтва, як і гэтым разам. З іншых установаў даводзіцца атрымліваць адмовы, і як следства – забарона на акцыі.
У судзе 9 кастрычніка А.Гаўруцікаў і Х.Жаляпаў спадзяюцца давесці, што адмова раённай адміністрацыі несправядлівая, што яна з'яўляецца падставай для парушэння правоў грамадзянаў на правядзенне масавых акцый, гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і артыкуламі 2, 19, 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Актывісты лічаць, што ў Віцебску парушаецца заканадаўства пра правядзенне масавых акцый, бо адпаведнае рашэнне гарвыканкаму яму супярэчыць, і жыхары Віцебску не могуць скарыстацца сваімі прадугледжанымі законам магчымасцямі.
Варта зазначыць, спроба дабіцца праз суд магчымасці правесці акцыю ў Віцебску ўжо не першая. Тыя самыя Аляксей Гаўруцікаў, Хрыстафор Жаляпаў ды іншыя актывісты ўжо спрабавалі судзіцца з раённымі адміністрацыямі і адказнымі службамі. Аднак беспаспяхова: права на правядзенне масавых акцый, на публічнае выказванне сваёй грамадскай пазіцыі ў Віцебску ігнаруюцца.