Праваабаронца Раман Кісляк звярнуўся да Генеральнага пракурора
Юрыст-праваабаронца Раман Кісляк просіць праверыць працу міліцыі ў Віцебскай вобласці ў сувязі з тым, што затрыманыя за адміністрацыйныя правапарушэнні Леанід Аўтухоў і Канстанцін Смолікаў утрымліваліся пад вартай да суда больш за 48 гадзін.
Нагодай да звароту стала затрыманне ў Віцебску 22 сакавіка актывістаў Партыі БНФ Леаніда Аўтухова і Канстанціна Смолікава міліцыяй за распаўсюд запрашэнняў на Дзень Волі. Яны ўтрымліваліся пад вартай больш за 48 гадзін, што ў сваю чаргу было парушэннем Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях, а а менавіта часткі 2 артыкулу 11.2, дзе гаворыцца: «Справа аб адміністрацыйным правапарушэнні, здзяйсненне якога цягне адміністрацыйны арышт ці дэпартацыю, разглядаецца ў дзень атрымання пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні і іншых матэрыялаў справы, але не пазней за сорак восем гадзін з моманту адміністрацыйнага затрымання, калі такое затрыманне было здзейсненае і асоба затрыманага ўстаноўленая».
Яшчэ 24 сакавіка праваабаронца напісаў заяву пра гэта на імя начальніка Кастрычніцкага РАУС, а таксама ва ўправу МУС Віцебскага аблвыканкаму і міністру ўнутраных спраў, аднак затрыманых з-пад варты не адпусцілі. Яны да 25 сакавіка ўтрымліваліся ў ІЧУ
25 сакавіка Канстанцін Смолікаў і Леанід Аўтухоў былі прызнаныя вінаватымі парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства і пакараныя суддзёй Інай Грабоўскай на 5 сутак адміністрацыйнага арышту.