viasna on patreon

Дзень Волі ў Віцебску: затрыманні, суды, "суткі", штрафы

2013 2013-03-26T07:29:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/autuhou-smolikau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Увесь дзень 25 сакавіка працягваўся суд над актывістамі Партыі БНФ Кастусём Смолікавым і Леанідам Аўтуховым. Рашэнне суддзя Іна Грабоўская выносіла ўжо пасля сканчэння працоўнага дня, каля 21 гадзін вечара: яна пастанавіла пакараць абодвух актывістаў на 5 сутак арышту нібыта за парушэнне заканадаўства пра масавыя акцыі. Па дарозе ў суд былі затрыманы чацьвёра  актывістаў БХД і кіраўнік гарадской суполкі Партыі БНФ Аляксандр Кузняцоў. Для яго затрыманне скончылася штрафам нібыта за парушэнне правілаў дарожнага руху.

Такога працэсу, які праходзіў у Кастрычніцкім райсудзе, віцебскія актывісты не бачылі яшчэ ніколі. Кіраўніка абласной суполкі Партыі БНФ Леаніда Аўтухова і актывіста той самай партыі Кастуся Смолікава затрымалі 22 сакавіка ў гандлёвым цэнтры "Эвіком", калі яны раздавалі самвыдатаўскі бюлетэнь "Магістрат". У міліцэйскіх пратаколах гэта было кваліфікавана як парушэнне парадку арганізацыі масавай акцыі: бо ў газетцы быў артыкул пра Дзень Волі і інфармацыя пра тое, што пададзена заяўка на мітынг з гэтай нагоды. Яшчэ адзін супрацоўнік міліцыі заявіў у судзе, што ён не ведае беларускай мовы, але зразумеў слова "прыходзьце", якое лічыць заклікам да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі.

Леаніду Аўтухову так і не ўдалося давесці суду, што ён  падаваў заяўку на акцыю, але не атрымаў ад раённых уладаў аніякага адказу – ні станоўчага, ні адмоўнага. Кастусь Смолікаў безвынікова даводзіў, што артыкул у газеце, якую яны раздавалі, ніяк не можа быць  "публічным заклікам". Суддзя Іна Грабоўская  адмовіла Смолікаву ў праве на абарону: калі  ён заявіў хадайніцтва пра тое, што яму неабходны адвакат, суддзя сказала, што ён "зацягвае працэс" – маўляў, ён мог зрабіць гэта раней, калі ў судзе быў абвешчаны перапынак. Пасля гэтага пра адвод суддзі хадайнічаў Леанід Аўтухоў, але таксама атрымаў адмову. Яму было адмоўлена і ў тым, каб падаць скаргу старшыні суду – Іна Грабоўская не пагадзілася зрабіць хаця б невялікі перапынак. Тады скаргу на парушэнні ў вядзенні працэсу напісаў абаронца, і настойваў на тым, каб скарга была разгледжана да вынясення рашэння, як абумоўлена заканадаўствам. Але суддзя, вырашыўшы працягваць працэс ужо па сканчэнні працоўнага дня, адмовілася зрабіць перапынак да заўтра, праігнараваўшы хадайніцтва абаронцы.

Не зважаючы на шматлікія парушэнні ў афармленні пратаколаў, супярэчлівыя паказанні сведак-міліцыянтаў і адсутнасць іншых сведак, Іна Грабоўская пастанавіла пакараць актывістаў 5 суткамі арышту. Частку гэтага тэрміну яны ўжо адбылі ў ізалятары часовага ўтрымання, пакуль чакалі суду пасля затрымання 22 сакавіка.

Рашэнне будзе абскарджана ў абласным судзе, сказалі спадары Смолікаў і Аўтухоў, бо падчас затрымання і суду неаднаразова былі парушаныя іхнія правы, у тым ліку права на абарону і  права на аб'ектыўны судовы разгляд.

Суд праходзіў "пад кантролем" супрацоўнікаў міліцыі, якіх у зале было ўдвая больш, чым аднадумцаў актывістаў. Былі людзі ў цывільным і ў форме, а таксама міліцэйскі відэааператар, які бесперашкодна праводзіў здымкі ў судзе.

Тым часам далёка не ўсе ахвотныя трапілі на суд. Па дарозе на працэс былі затрыманы  прыхільнікі стварэння партыі БХД  Алена Шабуня і каардынатарка аргкамітэту  Тацяна Севярынец. Спачатку яны накіраваліся  ў Парк чыгуначнікаў, дзе планаваў правесці  мерапрыемства да Дня Волі Леанід Аўтухоў. А калі даведаліся, што  яго і Смолікава зараз судзяць, накіраваліся на працэс. Яны ехалі ў машыне Аляксандра Кузняцова, кіраўніка гарадской суполкі Партыі БНФ.Машыну затрымалі супрацоўнікі ДАІ і аштрафавалі кіраўцу на 300 тысяч рублёў нібыта за парушэнне правілаў руху. Але пасажырак не адпусцілі таксама, прымусіўшы чакаць каля дзвюх гадзін – пакуль не скончыўся час меркаванага мітынгу ў Парку чыгуначнікаў.

Яшчэ двух актывістаў, Станіслава Лаўрэнава і Аляксея Кішчука, затрымалі таксма па дарозе ў суд: міліцыянты заявілі, што "яны падобны да злодзеяў, якія  скралі бутэльку гарэлкі".  Такія "падазрэнні"  былі агучаныя віцебскімі міліцыянтамі ўпершыню – у адрозненне ад "лаянкі матам", за якую часцяком затрымліваюць актывістаў.

Кішчук і Лаўрэнаў трапілі ў Кастрычніцкі райсуд якраз да сканчэння працэсу, калі абураныя ўбачаным актывісты выходзілі з будынку, а міліцэйскі аператар здымаў гэта ў прысутнасці свайго кіраўніцтва з абласной управы МУС.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства