У беларускіх санаторыях не хапае месцаў для дзяцей-інвалідаў
Пра гэта паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Мікалай Мазур.
Паводле яго слоў, згодна з заданнем дзяржаўнай праграмы па стварэнні безбар'ернага асяроддзя для інвалідаў і іншых катэгорый фізічна аслабленых асоб на 2011—2015 гады ў здраўніцах павінна быць створана не менш як 5-7% месцаў для інвалідаў-калясачнікаў. Сёння гэты паказчык складае ўсяго 1-2%.
Толькі адзінкавыя санаторыі прапанавалі свае паслугі па санаторна-курортным лячэнні дзяцей-інвалідаў у 2013 годзе, сказаў Мазур. Адпачынак для дзяцей-інвалідаў таксама не арганізаваны ў санаторыях Міністэрства працы і сацыяльнай абароны — "Белая Вежа", "Бярэзіна", "Вяжуці", Ясельда", дзе створаны ўсе ўмовы для бесперашкоднага доступу інвалідаў да аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры.
Паводле слоў Мазура, усяго за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і дзяржаўнага сацыяльнага страхавання ў 2012 годзе ў санаторыях Беларусі адпачыла 802,5 тыс. чалавек, у тым ліку 738,7 тыс. дзяцей. Сярод дзяцей, якія прайшлі аздараўленне, 99,6 тыс. жывуць на тэрыторыях, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 1,6 тыс. — дзеці-інваліды да 18 гадоў.
Як паведаміў Мазур, усяго на аздараўленне ў беларускіх здраўніцах ільготных груп насельніцтва было накіравана 629,2 млрд. рублёў.