Юрысты рыхтуюць прававую ацэнку Дэкрэта №9
Прававы інспектар прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці па Брэсцкай вобласці і праваабаронца Ўладзімір Малей разам з іншымі юрыстамі прафсаюза рыхтуе дакумент, у якім будзе дадзена прававая ацэнка Дэкрэта Аляксандра Лукашэнка № 9 ад 7 снежня 2012 года “Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўваючай прамысловасці”.
На думку Малея, Дэкрэт, які ўкараняе прымусовую працу, - гэта вяртанне ў часы прыгоннага права, небяспечны не толькі для працаўнікоў дрэваапрацоўваючай прамысловасці. Сотні і тысячы працаўнікоў будаўнічай вытворчасці, транспартнай таксама працуюць за межамі рэспублікі. Практыка прымусовай працы можа перакінуцца і ў гэтыя галіны. Ёй таксама могуць скарыстацца і іншыя рэспублікі СНД, асабліва Расія. Практыка паказвае, кажа Ўладзімір Малей, што горшы вопыт, “абкатаны” ў Беларусі, выкарыстоўвае ў першую чаргу Расія. Да прыкладу, і ціск на мас-медыя, і забарона масавых мерапрыемстваў.
Для прывязвання да месца працы выкарыстана і даплата да заробку. Пры звальненні без згоды наймальніка работнік павінен яе вярнуць на працягу месяца. На думку Малея, такі падыход да адносінаў наймальніка і работніка супярэчыць нормам міжнароднага права і канвенцыі міжнароднай арганізацыі працы, згодна з якой працоўныя адносіны заключаюцца па ўзаемнай згодзе.
Прававая ацэнка Дэкрэта будзе накіравана ў дзяржаўныя органы, якія маюць права звярнуцца ў Канстытуцыйны суд з пытаннем адпаведнасці Дэкрэта з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.