Аўстралійскага тэлежурналіста затрымалі ў аэрапорце «Мінск-2»
Журналіст збіраўся выехаць з краіны пасля падрыхтоўкі тут рэпартажу. Паводле папярэдніх звестак, у яго забралі апаратуру і носьбіты інфармацыі.
Амас Робертс – прадстаўнік аўстралійскага тэлеканала SBS, які меў афіцыйную акрэдытацыю пры беларускім МЗС (папярэдняя інфармацыя) і працаваў тут на працягу тыдня.
Пра інцыдэнт паведамілі прэс-службе ГА “БАЖ” беларускія калегі затрыманага, з якім ён скантактаваўся.
Па іх звестках, праблемы з выездам узніклі ў журналіста на мытні. У яго з сабой тэлекамера, камп'ютар, карткі памяці і іншыя носьбіты інфармацыі.
Ва ўпраўленні аэрапорту па пытаннях уезду замежных грамадзян ГА "БАЖ" адказалі, што інфармацыяй не валодаюць, і накіравалі ў памежныя службы. У памежнай службе сказалі, што не ведаюць нічога пра затрыманне, і накіравалі ў мытныя органы. Аператыўны дзяжурны мытні "Мінск-2" таксама нічога не ведаў, але абяцаў у хуткім часе высветліць.
15.00.Тэлефон журналіста не адказвае. Але з ГА "БАЖ" звязаліся аўстралійскія калегі затрыманага, якія мелі з ім кантакт. Яны пацвердзілі, што ў яго забралі абсталяванне. У аэрапорт найбліжэйшым часам маюць скіравацца прадстаўнікі журналісцкай арганізацыі для высвятлення абставін.
Працяг будзе на сайце БАЖ