Бабруйск: Галіне Смірновай прынеслі позву ў КДБ
Старшыню мясцовай суполкі прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Галіну Смірнову запрасілі на размову ў КДБ ў панядзелак, 3 верасня.
- Выклікаюць для правядзення апытання ў адпаведнасці з артыкулам 9, 11 Закона РБ "Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці". Супрацоўнік КДБ Павел Сілкоў сам прынёс позву мне дахаты і хацеў, каб я ўжо сёння да іх прыйшла. Але сёння і заўтра я занятая, таму ён перанёс апытанне на панядзелак, - распавяла Галіна Смірнова.
Нагадаем, супрацоўнік КДБ Павел Сілкоў у гэтым месяцы ўжо запрашаў на гутарку старшыню мясцовай суполкі АГП Віктара Бузінаева і папярэдзіў актывіста аб адказнасці за арганізацыю несанкцыянаваных мерапрыемстваў. Галіна Смірнова пакуль не ведае, з якой нагоды ў КДБ выклікаюць яе.
- Я прапанавала кдбшніку паразмаўляць сёння, але ў пад'ездзе, - кажа Галіна Смірнова. - Але ён сказаў, што яму патрэбны яго працоўны камп’ютар. Пра што канкрэтна будзе размова, не сказаў. Але калі ў яго кабінеце, як у выпадку з Бузінаевым, будзе працаваць відэакамера, я буду адмаўляцца ад размовы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”