Бабруйск: Віктара Бузінаева папярэдзілі ў КДБ
Размова лідэра бабруйскай суполкі АГП Віктара Бузінаева з супрацоўнікам КДБ Паўлам Сілковым цягнулася каля трох гадзін. Нагадаем, актывіста выклікалі на размову напярэдадні вечарам, павесткай.
-Мяне папярэдзілі, каб не надумаў арганізаваць якую акцыю, - кажа Віктар Бузінаеў. – Сказалі, што нават калі я апрану нейкую майку “з лозунгамі” і буду ў ёй гуляць па гораду, гэта будзе залічана як несанкцыянаваная акцыя. А за гэта, з іх словаў, мне пагражае арыткул 342 Крымінальнага кодэкса (“Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх”) і пакаранне тэрмінам да трох год абмежавання свабоды.
Уся размова Віктара Бузінаева і Паўла Сілкова здымалася на відэакамеру, але ў пачатку размовы супрацоўнік КДБ актывіста аб гэтым не папярэдзіў.
-Я заўважыў камеру ледзь не напрыканцы размовы, спрасіў, чаму не папярэдзілі, але мне адказалі, што гэта звычайная справа, пра якую не трэба і папярэджваць. Усе тры гадзіны размовы мы ў прынцыпе круціліся вакол адной тэмы – маёй адказнасці за несанкцыянаваныя акцыі. Павел Сілкоў нагадаў мне адміністрацыйны арышт за “Народны сход”, сказаў, гэта ўскладніць маю сітуацыю, - працягвае распавядаць актывіст.
Таксама супрацоўнік КДБ нагадаў Віктару Бузінаеву пра пэўныя тэмы, якія ён абмяркоўваў з мясцовымі актывістамі.
- Калі я спытаў яго, адкуль ён гэта ўзяў, спецслужбовец паведаміў, што ў нашых колах ёсць “свядомыя” людзі, якія прыходзяць у КДБ самі ці іх выклікаюць, і дзеляцца “карыснай інфармацыяй”, - адзначыў Віктар Бузінаеў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”