Дыскрымінацыя ў беларускіх ізалятарах – пад увагай Камітэта ААН
У рамках справы жыхаркі
Брэста Інгі Абрамавай прызначаны тры
спецыяльныя дакладчыкі Камітэта ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да
жанчын, якія будуць сачыць за становішчам спраў у беларускіх ізалятарах.
Як распавёў праваабаронца Раман Кісляк
(ён прадстаўляе інтарэсы Абрамавай у гэтай міжнароднай установе), Інга
безвынікова абскарджвала ў беларускіх судах
факты сваёй дыскрымінацыі падчас знаходжання ў ізалятары часовага
ўтрымання Ленінскага РАУС.
У ізалятар Абрамава трапіла восенню 2007-га года разам з Юрыем Бакурам: міліцыянты іх затрымалі падчас развешвання сініх стужак на вадасцёкавых трубах дамоў, якімі актывісты хацелі прыцягнуць увагу грамадскасці да запланаванага ў Менску “Еўрапейскага маршу”. Суд пакараў актывістку арыштам на пяць сутак нібыта за нецэнзурную лаянку.
22 снежня 2008
года Інга Абрамава накіравала індывідуальны зварот у Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі
ў дачыненні да жанчын, у якім паведамляла, што ў ізалятары часовага ўтрымання яна
падвяргалася дыскрымінацыі як жанчына. У якасці прыкладу актывістка ўзгадвала, як
супрацоўнік ізалятару дазволіў сабе дакрануцца да яе, а на пярэчанні Абрамавай заявіў, што ён і яго
калегі могуць распрануць дзяўчыну, што Інга расцаніла як сэксуальнае дамагальніцтва.
У далейшым супрацоўнікі ізалятару неаднойчы дапускалі выказванні і дзеянні ў
адносінах да Абрамавай, што абражала яе як жанчыну. Па словах Кісляка, такія
факты дыскрымінацыі сталі магчымымі з-за таго, што персанал ізалятару складаўся
выключна з мужчын.
У ліпені мінулага года Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да
жанчын вынес рашэнне па гэтай справе, у якім прызнаў дыскрымінацыю Інгі
Абрамавай і запатрабаваў ад беларускага ўраду выдаткаваць належную кампенсацыю
ў адпаведнасці з цяжарам парушэнняў яе правоў. Таксама ў рашэнні па гэтай справе
Камітэт выказаў шэраг агульных заўваг, пры выкананні якіх будзе ліквідаваная
дыскрымінацыя жанчын у месцах зняволення ў Беларусі.
З цяперашняга прызначэння спецдакладчыкаў Раман Кісляк робіць выснову, што ў справе Інгі Абрамавай, якая была першай і пакуль адзінай з краін СНД, што разглядалася ў Камітэце, яшчэ не пастаўлена кропка. Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын будзе працягваць сачыць за тым, каб сітуацыя ў Беларусі выпраўлялася і ствараліся ўмовы для выключэння падобных парушэнняў у далейшым.