Васіль Парфянкоў асуджаны на паўгода арышту
Сёння ў судзе Першамайскага раёну Менска распачаўся судовы разгляд крымінальнай справы былога палітвязня Васіля Парфянкова. Яго абвінавачваюць у невыкананні патрабаванняў прэвентыўнага нагляду (арт. 421 КК РБ).
Справу будзе разглядаць суддзя Сяргей Бандарэнка, які 24 лістапада 2011 года асудзіў старшыню Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага да 4,5 гадоў калоніі.
Абвінавачанне лічыць, што Васіль Парфянкоў тройчы парушыў рэжым превентыўнага нагляду. Аднойчы былы палітвязень спазніўся на адзначэнне ў органе, які ажыццяўляе нагляд. Двойчы супрацоўнікі міліцыі прыходзілі да яго дадому ў той час, калі Васіль выходзіў у краму. Санкцыя артыкулу 421 КК РБ прадугледжвае арышт тэрмінам да шасці месяцаў альбо пазбаўленне волі тэрмінам да аднаго году.
Прэвентыўны нагляд усталяваны за Васілём Парфянковым 5 студзеня 2012 года тэрмінам на адзін год. Пра ўзбуджэнне крымінальнай справы Першамайскі раённы аддзел Следчага камітэту г. Мінска паведаміў былому палітвязню 19 красавіка.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” запатрабаваў спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да Васіля Парфянкова.
* * *
9-50. Каля суду сабраліся журналісты, праваабаронцы, дэмакратычныя актывісты. Падыйшоў і Васіль Парфянкоў. Невядома, ці дазволіць суддзя ўсім жадаючым патрапіць на суд.
10-30. Васіль Парфянкоў заявіў адвод судзьдзі, паколькі не давярае яму з-за прысудаў ў палітычна матываваных справах Алеся Бяляцкага і Уладзімера Яроменкі. Пасьля перапынку суддзя адхіліў адвод. У залю запусьцілі людзей, якія чакалі ў калідоры: праваабаронцаў, дыпляматаў, актывістаў “Гавары праўду”.
10-40. У суд выклікалі ў якасьці сведкі Аляксандра Макаева. Аб гэтым прасіў Парфянкоў. Хадайніцтва аб вядзенні працэсу на беларускай мове адхіленае. Пракурор пачаў чытаць абвінавачаньне.
11-20. У судзе выступілі сведкі: інспектар міліцыі Першамайскага раёну Менска Пяркоў, бацькі Парфянкова, Аляксандр Макаеў. Зараз вывучаюцца пісьмовыя матэрыялы справы.
11-40. Пракурор Сцяпурка запатрабаваў для Парфянкова год калоніі строгага рэжыму.
11-55. Прысуд Васілю Парфянкову будзе абвешчаны ў 14-00.
14-30. Суд прызнаў Парфянкова вінаватым у парушэньні ўмоваў прэвентыўнага нагляду. Парфянкова пакаралі арыштам на 6 месяцаў. Парфянкова пад варту не ўзялі. Калі Парфянкоў не абскардзіць вырак, пакараньне пачне дзейнічаць праз 10 дзён.