Мытнікі шукалі крамолу ў асабістых рэчах Рыгора Кастусёва
Супрацоўнікі Берасьцейскай мытні правялі агляд асабістых рэчаў кіраўніка Магілёўскай абласной арганізацыі партыі БНФ Рыгора Кастусёва ў службовым памяшканьні мытні.
У тэлефоннай гутарцы з Радыё Свабода Рыгор Кастусёў паведаміў, што ў часе спраўджваньня дакумэнтаў мытнікі загадалі яму выйсьці з вагону і прайсьці ў службовае памяшканьне, дзе будзе праведзены агляд ягоных асабістых рэчаў. Нічога крамольнага мытнікі не знайшлі, прынесьлі свае выбачэньні і дазволілі вярнуцца ў вагон. У часе агляду супрацоўнікі мытні паводзілі сябе ветліва і карэктна.
Рыгор Кастусёў у складзе магілёўскай дэлегацыі вяртаўся з Чэхіі, дзе вывучаў, як функцыянуе тамтэйшая камунальная гаспадарка. У мінулым спадар Кастусёў кіраваў камунальнай гаспадаркай Шклоўскага раёну. У 2001 годзе, пасьля прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі і актыўнага ўдзелу ў ёй, мясцовая выканаўчая ўлада вымусіла яго сысьці з пасады.