viasna on patreon

Адкрыты ліст FIDH Прэзідэнту Беларусі

2011 2011-11-25T23:41:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/paris-25.11.2011c.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека 25 лістапада падчас дэманстрацыі з заклікам да вызвалення Алеся Бяляцкага, якая праводзілася ля будынка Амбасады Беларусі ў Парыжы, перадала адкрыты ліст прэзідэнту Лукашэнку.

“Спадар Прэзідэнт,

Я звяртаюся да Вас з заклікам неадкладна зняць усе абвінавачванні і без усялякіх умоваў вызваліць спадара Алеся Бяляцкага, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і прэзідэнта Праваабарончага цэнтра "Вясна", які ўчора быў асуджаны судом Першамайскага раёна г. Мінска да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыяй маёмасці, уключаючы офіс арганізацыі “Вясна”, па абвінавачванні ва “ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры”.

Спадар Бяляцкі займаўся законнай праваабарончай дзейнасцю, накіраванай на абарону асоб, якія пацярпелі ад рэпрэсій, пры гэтым яго дзейнасць праходзіла ў атмасферы поўнай адкрытасці і празрыстасці. Спадар Бяляцкі быў асуджаны на падставе не маючых дачынення да справы доказаў і паказанняў сведак у рамках справакаванага КДБ палітычнага працэсу з мэтай спыніць ягоную праваабарончую дзейнасць і дзейнасць праваабарончай арганізацыі “Вясна”.

Спадар Бяляцкі стаў ахвярай адвольнага затрымання і знаходзіўся пад вартай з 4 жніўні 2011 года. Я была ўзрушаная, калі даведалася, што ў ходзе разгляду справы ў судзе спадар Бяляцкі стаў мішэнню шырокамаштабнай кампаніі паклёпу, арганізаванай падкантрольнымі ўлады СМІ, якія ў сваіх матэрыялах навесілі на яго ярлык ворага народа і здрадніка нацыі.

Я заклікаю улады Рэспублікі Беларусь неадкладна вызваліць нашага віцэ-прэзідэнта, зняць з яго ўсе абвінавачванні і дазволіць народу Беларусі карыстацца ўсімі правамі чалавека ў адпаведнасці з міжнародным правам. Сістэматычнае падаўленне праваабарончай дзейнасці наносіць шкоду прэстыжу Беларусі ў сусветным маштабе.

Ва ўкладанні да дадзенага ліста Вы знойдзеце прэс-рэліз Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) ад 24 лістапада 2011 года, прэс-рэлізы і выпускі тэрміновых зваротаў Абсерваторыі ў абарону правоў праваабаронцаў ад 24 лістапада 2011 г., 9 лістапада 2011 і 9 жніўня 2011г., у якіх мы выказваем пратэст у сувязі з адвольным затрыманнем і асуджэннем спадара Бяляцкага, а таксама ў сувязі з арганізаванай супраць яго масіўнай кампаніяй у СМІ.

Я шчыра спадзяюся, што Вы прымеце пад увагу нашыя заклікі і просьбы!

Са шчырай павагай,
Суэр Белхасен,
Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH)”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства