У палаце прадстаўнікоў лічаць «немэтазгоднай» і «выдатковай» падтрымку беларускай мовы
Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі лічыць немэтазгодным ўносіць змены ў Закон аб мовах. Такая сутнасць адказу, які атрымаў з парламента жыхар Гомеля Ігар Случак.
Быўшы каардынатарам кампаніі «Справаводства па-беларуску», Случак разаслаў персанальныя лісты кожнаму са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з прапановай унесці змены ў Закон аб мовах. Случак прапаноўваў змяніць 28-ы артыкул закона, дзе гаворка ідзе аб вядзенні справаводства на «беларускай і (або) рускай» мове. Грамадскі актывіст прапануе прыбраць з гэтай фразы слова «або». Гэта будзе азначаць патрабаванне весці справаводства на дзвюх мовах адначасова, што будзе азначаць іх рэальную, а не фармальную, роўнасць, лічыць Случак.
У афіцыйным адказе пастаяннай парламенцкай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе сказана: «Выкладзеныя прапановы аб унясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мовах» прывядуць, на наш погляд, да ўскладнення ў парадку выкарыстання дзяржаўных моваў, да непатрэбнага ў большасці выпадкаў дублявання тэкстаў, а значыць — да значнага павелічэння грашовых і матэрыяльных выдаткаў. Зыходзячы з вышэй сказанага, камісія лічыць немэтазгодным падтрымліваць прыведзеныя прапановы аб змене закона».
Пры гэтым аўтару ліста паведамляюць, што ў 2011 годзе на беларускай мове рыхтуюцца праекты законаў «Аб афіцыйных геральдычных сімвалах», «Аб доступе да інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў», «Аб выдавецкай справе», «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны».
Каментуючы атрыманы з парламента адказ, Случак адзначыў: «Дэпутаты не хочуць карыстацца сваім правам заканадаўчай ініцыятывы, бо ні адзін з іх не палічыў патрэбным ўнесці на разгляд парламента закон «Аб мовах». Такое важнае пытанне для беларускай нацыі звязваюць з немэтазгоднасцю, бо гэта выкліча матэрыяльныя выдаткі».
На думку каардынатара кампаніі «Справаводства па-беларуску», варта «перагледзець эканамічную палітыку краіны, а не шукаць шляхі выхаду з крызісу за кошт занядбання беларускай мовы і культуры». «У парламенце, як аказалася, няма чалавека, які б займаўся абаронай нацыянальных інтарэсаў беларускага народу. А такі чалавек павінен быць. Спадзяюся, ён з’явіцца пасля наступных парламенцкіх выбараў», — дадаў Ігар Случак.