“Непахісны” генпракурор Васілевіч
“Дзейнасць ад імя палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонда, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўнай рэгістрацыі, супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь”- гэта “ўстойлівы” выраз з адказу, які атрымаў кіраўнік ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі ад Генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча. Аднак довады праваабаронцы пра тое, што скасаванне рэгістрацыі “Вясны” з’яўляецца незаконным і гэта прызнана на ўзроўні ААН, а артыкул 193-1 КК РБ наўпрост супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным нормам у галіне правоў чалавека, цалкам ігнаруюцца.
“Афіцыйнае папярэджанне Вам аб’яўлена абгрунтавана”- такім “вердыктам” заканчваецца адказ генпракурора на прапанову адмяніць папярэджанне старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна”.
Спадар Бяляцкі 1 сакавіка накіроўваў зварот на імя генпракурора, у якім чарговы раз нагадаў гісторыю ліквідацыі афіцыйнай рэгістрацыі “Вясны”, звязаную, на яго думку, з актыўным назіраннем за прэзідэнцкімі выбарамі 2001 г. У 2007 г. Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў незаконнымі дзеянні беларускіх уладаў, якія парушылі Міжнародны Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Усе тры далейшыя спробы афіцыйна зарэгістраваць “Вясну” былі безвыніковымі.