Крысьціну Шацікаву дапыталі ў Менску
Магілёўскую праваабаронцу грамадзянскай
кампаніі «Наш дом» Крысьціну Шацікаву дапыталі ў Першамайскім раённым
аддзеле міліцыі Менску. Актывістку выклікалі туды як сьведку
ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19-20 сьнежня. Допыт
доўжыўся чатыры гадзіны. Яго праводзіў сьледчы Аляксандар Фейцар.
Крысьціна Шацікава: «Мне падалося, што гэты сьледчы сапраўды спрабуе разабрацца
ў справе. Прынамсі пакуль ён, відаць, не атрымліваў нейкіх іншых
загадаў. Так кажу, бо параўноўваю допыт у КДБ і ў гэтага
сьледчага. Сьледчы задаваў канкрэтныя пытаньні й даслоўна ўсё запісваў.
У КДБ ж проста дурылі галаву. Правакавалі».
Актывістка перадала сьледчаму два дзясяткі фотаздымкаў. На іх, як яна
сьцьвярджае, сьведкі, якія бачылі, хто выламваў дзьверы й выбіваў вокны
ў Доме ўраду 19 сьнежня. Яны могуць пацьвердзіць, што гэта былі
не апазыцыянэры, а правакатары. Фотаздымкі рабіла сама Шацікава.
Іх яна перадала і сьледчым КДБ 4 лютага.
Шацікава: «Гэтыя фотаздымкі камітэтчыкаў нібыта і не зацікавілі. Яны
не адмовіліся ад іх, узялі, але мне сказалі менавіта так. Менскага
сьледчага ж яны зацікавілі. Я ня ведаю, праўда, наколькі яны
дапамогуць сьледзтву. Гэта ўжо будзе, відаць, кіраўніцтва ацэньваць, што
ім патрэбна насамрэч. Але на сваім узроўні, цяперашнім,
ён іх разглядае як улікі, прынамсі мне так падалося».
Крысьціна Шацікава — удзельніца акцыі пратэсту на плошчы
Незалежнасьці. Як толькі невядомыя пачалі біць вокны ў Доме ўраду яна
пасьпела адвезьці фотакамэру са здымкамі да знаёмых і вярнулася
зноў на плошчу. Падчас разгону акцыі яе затрымалі.