Расіяніна Івана Гапонава пазбавяць права жыць у Беларусі за ўдзел у Плошчы?
24 студзеня маці змешчанага ў СІЗА КДБ расіяніна Івана Гапонава, Сабіры Акішаўне Атакішыевай, паведамілі аб тым, што супраць яе сына распачатая працэдура пазбаўлення віду на жыхарства ў Беларусі. Інфармацыя аб гэтым паступіла з двух крыніц -- ад адваката Івана і з расійскай амбасады.
Іван Гапонаў і яго сям’я жывуць у Беларусі з 1996 года. “Калі мы сюды прыехалі, Ваня пайшоў у чацвёрты клас, -- кажа спадарыня Сабіра. -- Фактычна ўсё яго жыццё – тут”. Іван, маці якога родам з Кіргізіі, а бацька – з Расіі, скончыў школу ў Беларусі і добра валодае беларускай мовай.
Спачатку сям’я жыла ў Мінску, потым пераехала ў пасёлак Свіслач Пухавіцкага раёну. У Беларусь прыехалі з Латвіі ў статусе грамадзянаў Расіі, якімі сталі яшчэ ў 1995 годзе. У сям’і было трое маленькіх дзяцей – Іван, яго брат і сястра. Пераезду ў Беларусь паспрыяла тое, што ў бацькі Івана на той час тут была праца, а маці, наадварот, у латвійскім Ветспілсе працу страціла. “З трыма маленькімі дзецьмі я рушыла сюды ў надзеі, што ўладкуюся”, -- згадвае Сабіра Атакішыева. На радзіму ў Кіргізію паехаць было немагчыма, а ў Расіі нікога са сваякоў няма.
Пражыўшы ў Беларусі 15 гадоў, спадарыня Сабіра і яе дзеці называюць яе “наша краіна” – мне падалося ў нашай размове, гэтае “наша” гучыць з любоўю. Яны вельмі хацелі б жыць тут далей. Але зараз даводзіцца шукаць падтрымкі, каб магчымасць жыць тут заставалася. Сабіра Акішаўна звярнулся ў амбасаду Расійскай Федэрацыі з просьбай аб садзейнічанні.
Можна прадказаць, што лёс расійскага грамадзяніна Івана Гапонава, які любіць Беларусь, будзе звязаны з вялікай знешняй палітыкай – адносінамі паміж дзвюма краінамі. Уся складанасць гэтых адносін апошняга году адбілася на тым, што менавіта расіянам пасля падзей 19 снежня надаецца асаблівая ўвага.
Паводле беларускіх законаў, адной з падставаў страты віду на жыхарства ў Беларусі з'яўляецца парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якое выявілася ў крымінальным злачынстве альбо ў адміністрацыйным правапарушэнні. У такім выпадку візавая служба па месцы рэгістрацыі такой асобы пачынае працэс па ануляванні права на жыхарства. Фармальна крымінальны пераслед чалавека, які мае від на жыхарства -- дастаткова важкая падстава. Праўда, як зазначае юрыст Уладзімір Лабковіч, Івану Гапонаву абвінавачанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня толькі прад’яўленае – віна яго не даказана, прысуду няма, ён не ўступіў у законную сілу.
Дарэчы, пазбаўленне замежнага грамадзяніна права
на жыхарства не азначае, што яго павінны дэпартаваць у іншую краіну. Да таго ж,
гэта не азначае яго аўтаматычнага вызвалення ад крымінальнага пераследу.