“Мне не сорамна глядзець людзям у вочы”
Сваякі актывіста Руху “За Свабоду” Мікіты Ліхавіда атрымалі яд яго ліст з Жодзінскай турмы № 8. Актывіст знаходзіцца там ў сувязі з мінскімі падзеямі 19 снежня.
З ліста вынікае, што актывіст, нягледзячы на ўсе складанасці свайго становішча, не зломлены. “Я вярнуся дадому, абавязкова вярнуся. Я ж твой сын, я заўсёды выбіраўся са складаных сітуацый. А выйду я яшчэ больш моцным”, − піша ён сваёй маці.
Мікіта ўпэўнены, што “калі чалавек правы, і сэрца яго чыстае перад Богам, нікому, нічым і ніколі яго не зламіць”.
“Мне не сорамна глядзець людзям у вочы, і гэта − галоўнае. І вам не сорамна: не трэба ні перад кім прагінацца, я правы, справядлівасць на нашым баку, а значыць − мы мацнее”, − перакананы Мікіта.
Паводле актывіста, ён выйшаў на Плошчу “дзеля іншых людзей, нават не знаёмых <…>, каб старыкам не трэба было існаваць на жабрацкую пенсію, моладзі − з’язджаць за мяжу, а бацькам − працаваць на знос, каб накарміць і апранаць сваіх дзяцей”.
Напрыканцы літа актывіст шчыра дзякуе усім, хто яго падтрымлівае і верыць у сваё хуткае вызваленне.
Нагадаем, Мікіта Ліхавід быў затрыманы 19 снежня на плошчы Незалежнасці, пакараны адміністрацыйным арыштам у 15 сутак, а потым пераведзены у шэраг падазраваных па крымінальнай справе, узбуджанай паводле артыкула 293 ч.1 і 2 КК РБ. З 31 снежня актывіста абвінавачваюць у арганізацыі “масавых беспарадкаў” і ўдзеле ў іх. Зараз Мікіта Ліхавід знаходзіцца ў Жодзінскай турме № 8.
Кіраўніцтва Руху “За Свабоду”, лічыць, што удзельнікаў акцыі пратэсту 19 снежня недапушчальна прыцягваць да крымінальнай адказнасці. Рада Руху намерана дабівацца спынення крымінальнага пераследу кандыдатаў у прэзідэнты і іх прыхільнікаў, які мае выразны палітычны характар.