Халезін і Каляда - падазраваныя ў справе "аб масавых беспарадках"
У кватэрах бацькоў Мікалая Халезіна і Наталлі Каляды, якія з'яўляюцца арт-дырэктарам і дырэктарам "Вольнага тэатра", 11 студзеня прайшлі ператрусы, паведамляе БелаПАН.
У сваім блогу ў "Жывым журнале" Халезін паведаміў, што ператрусы былі сінхроннымі. Іх праводзілі "супрацоўнікі КДБ у суправаджэнні прадстаўнікоў раённага аддзялення міліцыі". "Асноўнае пытанне: дзе знаходзяцца Мікалай Халезін і Наталля Каляда? Апыталі суседзяў, уручылі ім і кансьержу нумары тэлефонаў, каб з імі звязаліся, калі мы будзем заўважаны ў хаце", — піша арт-дырэктар.
"Напярэдадні ўвечары мне скінулі інфармацыю пра тое, што мы праходзім па крымінальнай справе ў якасці саўдзельнікаў у арганізацыі беспарадкаў, — паведамляе Халезін. — Пры гэтым усё выдатна ведаюць, што мы знаходзімся ў ЗША, пра што пішуць вядучыя амерыканскія газеты. Ды да таго ж складана прадставіць, што яны не ведаюць пра сустрэчу Наташы з Хілары Клінтан. А калі ведаюць, тады навошта гэтыя дэманстратыўныя ператрусы? Прымусіць нашых бацькоў пакутаваць? Ну, тады "вока за вока".
Каляда была затрымана ўвечары 19 снежня ў Мінску падчас вулічнай акцыі апазіцыі і на наступны дзень судом Завадскога раёна аштрафавана на 30 базавых велічынь. Яе муж Халезін быў некаторы час заблакаваны ў кватэры спецназам.