А.Корбан: Думаю з кандыдатаў выпусцяць толькі Міхалевіча
Вызвалены 7 студзеня са следчага ізалятару КДБ актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі кіраўнік выбарчага штабу Яраслава Раманчука Алег Корбан распавёў Радыё Рацыя аб абставінах свайго вызвалення.
- Да мяне раптоўна прыйшоў следчы, даў дзве паперы: падпіску аб нявыездзе з Мінска, другая падпіска аб неразгалошванні звестак, якія мне сталі вядомыя ў ходзе следства. На волю я выйшаў сам, мяне не вывозілі. Проста аддалі рэчы.
РР: Што было больш нечакана, патрапіць у “амерыканку” ці вызваліцца адтуль?
- Я думаю, што было больш нечакана выйсці менавіта сёння на свята. У прынцыпе, заўсёды, калі прымаеш актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці, ёсць рызыка патрапіць у такія знакамітыя сцены, у тым ліку і ў “амерыканку”. Найменш было спадзявання, што мяне выпусцяць у выходны дзень – гэта нечакана.
РР: Ці чакаеце, што каго-небудзь яшчэ вызваляць?
- Я думаю, што Міхалевіча і кагосьці з дзяўчат, я думаю Насту Палажанку. Пра астатніх цяжка казаць, я думаю, што кандыдатаў больш выпускаць не будуць, асабліва Міколу Статкевіча, Андрэя Саннікава і старшыню нашай партыі Анатоля Лябедзьку. Я думаю, іх не будуць выпускаць, у іх даволі жорсткая пазіцыя, яны, наколькі даходзіць інфармацыя, адмаўляюцца ад паказанняў, такія чуткі ходзяць па “амерыканцы”. Маўляў, “тут апазіцыя, тут лідэры ёсць, што лідэры ўвогуле адмаўляюцца ад паказанняў, некаторыя ў галадоўцы”. Такая вось інфармацыя.
РР: Ці вядома нешта пра галадоўку абвінавачаных? Статкевіч паводле інфармацыі галадае даволі працяглы тэрмін.
- Так, хадзілі чуткі, што галадае адзін з кандыдатаў Статкевіч, найбольш радыкальны кандыдат, у “амерыканцы” хадзілі чуткі “ён галадае і ідзе да апошняга”. А як на самой справе, ці галадае ён сёння, і дзе ён знаходзіцца – сказаць цяжка. Хутчэй за ўсё ён яшчэ знаходзіцца там і яшчэ трымае галадоўку.
РР: Ці пасля гэтых “прыгодаў” вы працягнеце займацца палітыкай?
- Я думаю, што не спыню палітычную дзейнасць, якой я вырашыў прысвяціць сваё жыццё. Тое, што было, думаю, не перашкодзіць маёй дзейнасці. Нават некаторыя факты найбольш натхняюць, напрыклад, сённяшняе раптоўнае вызваленне. Падтрымка з боку маіх сяброў, праваабарончых арганізацый і замежнікаў. Праўда, да мяне не даходзілі ні паштоўкі, ні віншаванні. Я высылаў амаль кожны дзень паштоўкі, цяпер я даведаўся, што ніхто іх не атрымаў, гэтак і я не атрымаў, хаця ведаю, людзі пісалі. Трэба далей працягваць дзейнасць.
РР: Ці змяніліся вашы погляды на Плошчу як на тактыку апазіцыі апошніх месяцаў?
- Я не пераглядаў, я яшчэ пра гэта не думаў. Трэба пра гэта падумаць, паглядзець інтэрнэт, пачытаць прэсу, паглядзець што адбываецца за гэтыя дні, якая ў каго рэакцыя, якія былі выказванні, якая пазіцыя ўлады, з боку нашага грамадства, наколькі страх авалодаў нашым грамадствам. Мне падаецца, што тактыку апазіцыі мяняць не трэба, трэба дзейнічаць у гэтым жа накірунку, трэба толькі яшчэ больш працаваць з насельніцтвам, вызваляць іх ад страху, слаць ім веру, надзею, каб яны падтрымлівалі нас удзельнічалі ў агульных кампаніях.
У той жа дзень, 7 студзеня, быў вызвалены таксама кіраўнік Мінскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былы прарэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэту Анатоль Паўлаў.