У Магілёве й Бабруйску дапыталі ў КДБ васьмярых актывістаў
29 сьнежня цягам дня супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі дапыталі як сьведкаў васьмярых сябраў ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Паводле актывістаў, сьледчыя тлумачылі допыты расьсьледаваньнем крымінальнай справы аб масавых беспарадках і несанкцыянаваных мерапрыемствах, што адбыліся ў Менску 19 сьнежня.
У Магілёве а 18-й гадзіне выйшла ад сьледчага
Жукава давераная асоба Някляева Аксана Закрэўская. Ва ўпраўленьні КДБ
па Магілёўскай вобласьці яна прабыла каля дзьвюх гадзінаў. Актывістка
стрымана камэнтуе гутарку са сьледчым:
«Ён пытаўся, ці езьдзілі 19 сьнежня ў Менск, што там
рабілі, ці ведалі, што мерапрыемства было несанкцыянаванае, адкуль даведаліся
пра яго, ці бралі ў ім удзел… Напрыканцы ён ужо без
пратаколу мне сказаў, каб мы не рабілі з выклікаў у КДБ
інфармацыйных нагодаў і не агалошвалі імёнаў сьледчых прэсе.
Я адказала, што позна».
З кіраўніка магілёўскага штабу Някляева Сяргея Лапуціна
ўзялі расьпіску аб не разгалошваньні гутаркі ў КДБ.
Раней праз допыты ў КДБ прайшлі магілёўцы Кірыла Грыхін, Уладзімер
Статкевіч ды Тацяна Каралёва.
У Бабруйску дапыталі Алену Мядзьведзеву, кіраўніцу мясцовага штабу
Някляева, а таксама сябраў яго ініцыятыўнай групы — Вольгу Піманаву і яшчэ
адну актывістку, якая пажадала не называць свайго імя. Вольгу Піманаву
затрымалі на плошчы 19 сьнежня, і яна прасядзела
ў ізалятары на Акрэсьціна амаль суткі. Суд яе аштрафаваў.