Слухайце штотыднёвую праваабарончую праграму “Людзьмі звацца!” на хвалях Радыё Рацыі
Кожны аўторак у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Радыё Рацыя” - праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі. Час выхаду ў эфір – 15-05 (паўтор - серада 0:05-1:00 і субота 7:05-8:05). Таксама ў гэты час яе можна слухаць праз інтэрнэт на сайце www.racyja.com.
Чарговы выпуск праграмы “Людзьмі звацца!” ад 21 снежня цалкам прысвечаны выбарчай тэматыцы.
Усе этапы прэзідэнцкай выбарчай кампаніі пільна адсочваліся і аналізаваліся прадстаўнікамі неззалежнага назірання “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Заключныя высновы былі агучаныя падчас прэс-канферэнцыяў, што адбыліся 19 і 20 снежня. Апошнія падзеі ў сталіцы Беларусі не выклікаюць святочнага настрою, які звычайна бывае напярэдадні светлага дня Божага нараджэння. Рубрыка "Час выбару" гэтым разам складаецца з двух частак: у першай гаворка пойдзе пра вынікі датэрміновага галасавання, падведзеныя прадстаўнікамі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" (адмысловая прэс-канферэнцыя прайшла 19 снежня); другая распавядае пра паслявыбарчыя падзеі - Плошчу-2010, жорсткі разгон, массавыя затрыманні са збіццём і новы ўсплеск адміністрацыйнага пераследу.
Далей у праграме гутарка з кіраўніцай інфармацыйнай службы Нарвежскага Хельсінкскага камітэту Бэріт Ліндеман, якая прыехала пабачыць на ўласныя вочы, як праходзілі выбары ў Беларусі. Плошча-2010 і яе наступствы шакавалі замежных праваабаронцаў.
Завершыць праграму агляд прэс-канферэнцыі, што 20 снежня прайшла на сядзібе Партыі БНФ. На ёй кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь альбо прадстаўнікі іх выбарчых штабоў выказалі свае меркаванні і агучылі свае заявы па падзеях, якія адбыліся ў Менску ўначы пасля выбараў. На прэсавай канферэнцыі выступілі Рыгор Костусеў, экс-кандыдат ад Партыі БНФ, прадстаўніца выбарчага штабу Уладіміра Някляева і кампаніі “Гавары праўду” Святлана Навумава, жонка Някляева Вольга, а таксама прадстаўнік выбарчага штабу Віталя Рымашэўскага Вадзім Кабанчук.
У музычных паўзах прапануем кампазіцыі гуртоў з пранікненым жаночым вакалам гуртоў Індыга, Індра і Нака.
Радыё Рацыя – першае незалежнае інфармацыйна-забаўляльнае FM-радыё ў Польшчы на беларускай мове. Галоўнай мэтай Беларускага Радыё Рацыя з’яўляецца стварэнне грамадзянам Беларусі доступу да незалежнай інфармацыі аб падзеях і развіцці сітуацыі ў Беларусі, Польшчы, Еўропе ды свеце.