viasna on patreon

Заява пратэсту Асамблеі НДА Беларусі з нагоды падзеяў 19-20 сьнежня ў Беларусі

2010 2010-12-21T09:39:43+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/asamblejanda2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Асамблея няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў рашуча асуджае масавыя рэпрэсіі ў дачыненьні да ўдзельнікаў маніфэстацыяў пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Мы разглядаем затрыманьні і зьбіцьцё журналістаў, хвалю вобшукаў у дамах актывістаў апазыцыі і офісах няўрадавых арганізацыяў як дзеяньні, скіраваныя на адцягненьне ўвагі ад выкрытых фактаў маніпуляцыі вынікамі галасаваньня падчас выбараў.

Асаблівую занепакоенасьць выклікае арышт кандыдатаў у прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў і пагрозы прыцягненьня іх да крымінальнай адказнасьці, а таксама непрадстаўленьне мэдычнай дапамогі асобам, здароўю якіх была нанесеная шкода ў выніку неабгрунтаванага гвалту з боку спэцслужбаў і міліцыі.

Мы з трывогай адзначаем, што сілавы сцэнар падаўленьня масавых пратэстаў апазыцыі быў абраны дзейснымі ўладамі наўмысна і меў на ўвазе выкарыстаньне правакатараў у шэрагах мірных  маніфэстантаў.

Пры такіх умовах гэтая выбарчая кампанія ні ў якім разе ня можа быць прызнаная свабоднай і справядлівай. Наадварот, шматлікія сьведчаньні назіральнікаў з выбарчых участкаў даюць сур’ёзныя падставы ставіць пад сумнеў агучаныя выбарчымі камісіямі вынікі падліку галасоў.

На падставе выкладзенага мы заклікаем улады Беларусі неадкладна выпусьціць усіх затрыманых удзельнікаў дэманстрацыяў 19 і 20 сьнежня, кандыдатаў у прэзыдэнты, іх давераных асобаў, іншых арыштаваных. Асобна заклікаем беларускіх мэдыкаў прытрымлівацца клятвы Гіпакрата і патрабаваць доступу для аказаньня мэдычнай дапамогі тым арыштаваным, хто ў такой дапамозе мае патрэбу, у тым ліку кандыдатам у прэзыдэнты Ўладзімеру Някляеву, Віталю Рымашэўскаму і Андрэю Саньнікаву.

Місіі міжнародных назіральнікаў просім даць прававую ацэнку дзеяньням ураду Беларусі ў дачыненьні да кандыдатаў у прэзыдэнты, іх давераных асобаў і іншых удзельнікаў апазыцыйных партыяў і аб’яднаньняў, у тым ліку зьвяртаем увагу на незаконныя арышты арганізатараў нацыянальнай сыстэмы назіраньня за выбарамі і вобшукі ў іх дамах.

Ад імя беларускай грамадзянскай супольнасьці мы заклікаем урады замежных краінаў пільна адсочваць сытуацыю зь перасьледам удзельнікаў мірных пратэстаў і ўстрымацца ад віншаваньня беларускага прэзыдэнта з чарговым пераабраньнем.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства