viasna on patreon

"Малады фронт" чарговы раз падаў у Мінюст дакумэнты на рэгістрацыю

2010 2010-03-01T10:31:42+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maladafrontaucy.jpg

28 лютага ў Міністэрства юстыцыі Беларусі былі пададзены дакумэнты на рэгістрацыю грамадзкага аб'яднаньня "Малады фронт". Дакумэнты, ня гледзячы на выходныя, прынялі.

Як падае БелаПАН, дзяжурны супрацоўнік Мінюсту прыняў дакумэнты, заявіўшы маладзёжным актывістам, што паведамленьне аб іх рэгістрацыі лідэры арганізацыі атрымаюць пазьней.
Чарговы ўстаноўчы зьезд "Маладога фронту" прайшоў у Менску 30 студзеня з удзелам 86 дэлегатаў. Заснавальнікам аб'яданьня выступіў 81 чалавек. Гэта ўжо шостая з 2000 году спроба легалізаваць маладзёжную арганізацыю.
Лідэр аб'яднаньня Зьміцер Дашкевіч заявіў, што не спадзяецца на станоўчае рашэньне чыноўнікаў Мінюсту. Тым ня менш, сказаў ён, спроба зарэгістраваць арганізацыю зьяўляецца "своеасаблівай перастрахоўкай" для таго, каб актывісты "Маладога фронту" не прыцягваліся да адказнасьці па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэксу (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі).
"Чым больш мы будзем рабіць спробаў рэгістрацыі, тым цяжэй будзе праваахоўным органам перасьледаваць нашых актывістаў па гэтым артыкуле", — мяркуе Дашкевіч.
Пры гэтым ён падкрэсьліў, што калі аб'яднаньне зноў не зарэгіструюць, "Малады фронт" будзе праводзіць устаноўчыя зьезды раз у квартал.
"Кожныя тры месяцы мы будзем праводзіць устаноўчыя зьезды, і Міністэрства юстыцыі павінна будзе даваць нам заканадаўча абгрунтаваныя адказы, чаму яны не рэгіструюць арганізацыю", — сказаў Дашкевіч.
Цяпер "Малады фронт" мае статус міжнароднага маладзёжнага грамадзкага аб'яднаньня. У 2007 годзе ён быў афіцыйна зарэгістраваны ў Чэхіі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства