Валянцін Стэфановіч: Праваабаронцы адмаўляюць хуліганства ў дзеяннях Сяргея Каваленкі
Прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру “Вясна” катэгарычна не згодныя з узбуджэннем крымінальнай справы супраць Сяргея Каваленкі і расцэньваюць гэта як пераслед па палітычных матывах.
Крымінальная справа супраць актывіста ўзбуджаная паводле ч.2 арт.339 КК РБ – за хуліганства, здзейсненае групай асобаў. Праваабаронцы настойваюць на тым, што ў дадзеным выпадку ніякім чынам не вядзецца гаворка пра хуліганства.
У крымінальным заканадаўстве хуліганства вызначаецца як “наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і дэманструюць яўную непавагу да грамадства”. Для наяўнасці складу хуліганства патрабуецца, каб каб дзеянні асобы былі спалучаныя з пэўнымі акалічнасцямі. Такіх акалічнасцяў тры: гвалт ці пагроза прымянення гвалту, знішчэнне ці пашкоджанне чужой маёмасці, праявы выключнага цынізму.
- Відавочна, што ў дзеяннях Сяргея Каваленкі першыя дзьве акалічнасці адсутнічаюць. Застаецца толькі “выключны цынізм”, які належыць да ацэначнай катэгорыі. Гэтую ацэнку дае следства, а потым і суд. Але ўвогуле вывешванне бел-чырвона-белага нацыянальнага сцяга – гэта палітычная дзея, а не дзеянні, скіраваныя на парушэнне грамадскага парадку, і ні ў якім разе не з’яўляецца праявай цынізму, пагарды да грамадства, - тлумацыць пазіцыю праваабаронцаў сябра “Вясны” Валянцін Стэфановіч.
Пры гэтым праваабаронца акцэнтуе ўвагу на прынцыповым моманце:
- У чым тут першапрычына – у сцягу ці усё ж у дзеяннях Каваленкі? Калі ўявіць, што ён залез на елку і вывесіў там афіцыйны чырвона-зялёны сцяг, якая б была рэакцыя ўладаў і як бы яны кваліфікавалі гэтыя дзеянні? Напэўна, яны б не кваліфікавалі іх паводле артыкула Крымінальнага кодэкса. Тым больш, як я ўжо казаў, у дзеяннях актывіста не было намеру парушыць грамадскі парадак.
Варта адзначыць, што праблема з нацыянальнай сімволікай носіць дыскусійны характар у нашым грамадстве, на фоне чаго выкарыстанне нацыянальных сцягоў неаднаразова з’яўлялася прычынай для затрымання грамадзянаў. Хаця, па-за масавымі мерапрыемствамі, заканадаўства краіны не прадугледжвае ніякай адказнасці ў падобных выпадках. Насамрэч, вывешванне дзяржаўнага сцяга, няхай і былога, само па сабе не ўяўляе пагрозы для грамадства – гэта не дэманстрацыя, напрыклад, фашыстоўскай сімволікі ці абразлівыя надпісы. Таму склалася практыка, калі ў пратаколах затрыманняў з’яўляецца “хуліганства”. Адзін з апошніх такіх прыкладаў – абвінавачанне моладзевых актывістаў у дробным хуліганстве за нібыта нецэнзурную лаянку ў выпадку з вывешваннем сцягоў на праспекце Незалежнасці ў Менску.
Дарэчы, дзеянні і ацэнкі пракуратуры адносна інцыдэнтаў са сцягамі не адназначныя, падкрэслівае эксперт:
- Узгадваецца гісторыя, калі пасля першага рэферэндуму 1995-га года група асобаў (і было ўстаноўлена, што гэта за асобы) узабраліся на дах, здаецца, Дома ураду і на вачах шматлікіх грамадзянаў разарвалі бел-чырвона-белы сцяг. А на той момант гэты сцяг з’яўляўся дзяржаўнай сімволікай, за абразу якой была прадугледжаная крымінальная адказнасць. Але ніхто з іх гэтую крымінальную адказнасць тады не панёс - нягледзячы на звароты грамадзянаў у пракуратуру. Адказ пракуратуры зводзіўся да таго, што такім чынам сцяг быў “утылізаваны”.
Праваабаронцы выступаюць супраць вызначанай пракурорам меры стрымання для С.Каваленкі - 2 месяцы ўтрымання пад вартай, на перыяд правядзення папярэдняга следства.
- Сяргей Каваленка мусіць быць як мінімум вызвалены з-пад варты, паколькі гэта абсалютна непрапарцыйная мера. І ўвогуле крымінальны пераслед у дачыненні да яго мусіць быць спынены. Для гэтага мы будзем прымаць усе неабходныя захады. А на дадзены момант мы вымушаныя сцвярджаць, што ў Беларусі з’явіўся яшчэ адзін палітычны зняволены, - заявіў В.Стэфановіч.