БАЖ разьлічвае на перамены
Сёньня абылася прэсавая канфэрэнцыя кіраўнікой Беларускай асацыяцыі журналістаў, пад час якой быў ацэнены актуальны стан незалежных сродкаў масавай інфармацыі ў нашай краіне, а таксама адзначанае стаўленьне БАЖу да новага Закону “Аб СМІ”, які 8 лютага набыў сілу.
У панядзелак, 9 лютага, абылася прэсавая канфэрэнцыя кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), на якой якой быў ацэнены актуальны стан незалежных сродкаў масавай інфармацыі ў дзяржаве, а таксама адзначанае стаўленьне асацыяцыі да новага Закону “Аб СМІ”, які ў мінулую нядзелю набыў сілу.
Патрабаваньні БАЖу
Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў юрыст Андрэй Бастунец падкрэсьліў, што БАЖ не падзяляе аптымістычных выказваньняў кіраўніцтва Міністэрства інфармацыі наконт новага закону “АБ СМІ”, які, пра што сцьвярджаюць чыноўнікі, зьяўляецца дэмакратычным і толькі паляпшае ўмовы працы журналістаў у краіне. Па словах Бастунца, “БАЖ яшчэ да ўступленьня новага закону ў сілу заяўляў, што індыкатарамі гатоўнасьці дзяржавы да паляпшэньня сытуацыі ў сфэры СМІ могуць стаць вяртаньне ў дзяржаўную сыстэму распаўсюду і ў друкарні ўсіх незалежных СМІ, заяўны характар праходжаньня перарэгістрацыі, дабраахвотны парадак рэгістарцыі інтэрнэт-выданьняў, а таксама адкрыцьцё прадстаўніцтваў замежных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі і акрэдытацыя журналістаў замежных СМІ”.
Што рэалізавана
“Сёньня мы павінныя сказаць, што два з гэтых пунктаў рэалізаваныя: уведзены заяўны прынцып праходжаньня перарэгістрацыі СМІ, а пытаньне рэгістрацыі інтэрнэт-выданьняў амаль зьнятае з парадку дня. Хаця засталася незразумелая норма аб інтэрнэт-аналягах традыцыйных СМІ, і мы яшчэ ня ведаем, як яна будзе прымяняцца на практыцы, тым ня менш, два невялікіх кроку ў правільным накірунку ўсё ж зробленыя”, - адзначыў Бастунец.
Па словах кіраўніка БАЖ Жанны Літвіной, на мінулым тыдні кіраўніцтва асацыяцыі атрымала афіцыйны ліст зь Міністэрства інфармацыі, у якім паведамлялася, што ніякія работы па падрыхтоўцы пастановы ўраду аб рэгуляваньні дзейнасьці інтэрнэт-выданьняў не вядзецца. Гэта, на думку Літвіной, ёсьць яшчэ адным пацьверджаньнем таго, што, прынамсі, часова і гэтая праблема зьнятая.
Новая сытуацыя
Як адзначыла Жанна Літвіна, “сёньня ў грамадзтве і ў журналісцкай супольнасьці адбываюцца вельмі цікавыя і знакавыя падзеі, сьведчаньнем чаму факт вяртаньня ў распаўсюд газэтаў “Народная волі” і “Наша ніва”, правядзеньне двух публічных “круглых сталоў”, куды былі запрошаныя як прадстаўнікі выканаўчай улады, так і яе апанэнты, прадстаўнікі грамадзкасьці, журналісты, згаданы факт прыпыненьня памкненьняў да рэгуляваньня інтэрнэта і ўвядзеньне заяўнага прынцыпу перарэгістрацыі СМІ”.
“Усё гэта можна расцэньваць як прыкметы зьмены палітыкі татальнага кантролю за інфармацыйнай прасторай і за сродкамі масавай мнфармацыі ў нашай краіне”, - лічыць старшыня БАЖ.
Нявырашаныя пытаньні
Аднак, па словах Жанны Літвоной, застаюцца нявырашанымі ключавыя пытаньні, зьвязаныя зь дзейнасьцю журналістаў: “Не зьмянілася сама прырода, сам характар манаполіі выканаўчай улады на друкаваныя і электронныя СМІ, на сыстэму друку і распаўсюду сродкаў масавай імнфармацыі. На сёньняшні дзень, на жаль, выканаўчая ўлада яшчэ не адмовілася ад успрыманьня СМІ як часткі кіруючага мэханізму, не зьняла са СМІ прапагандысцкую функцыю”.
Па словах Жанны Літвіной, “ня можа быць ні лібэралізацыі, ні дыялёгу пад страхам, ва ўмовах несвабоды СМІ і ва ўмовах, калі няма свабоды выказваньня ўдзельнікаў гэтага дыялёгу”. “У сёньняшняй сытуацыі, зьвязанай са спробамі лібэралізацыі, з крокамі, якія робіць улада насустрач выкананьню рэкамэндацыяў, сфармуляваных Эўразьвязам, сытуацыя са СМІ – гэта падмурак для любога дыялёгу, для любой лібэралізацыі, - падкрэсьліла Літвіна. - Сёньня пасьля зьняцьця праблемы, зьвязанай з палітзьняволенымі ў нашай краіне, сродкі масавай інфармацыі – гэта самы галоўны прыярытэт”.
Паседжаньне рады па СМІ
Жанна Літвіна паведаміла, што найбліжэйшымі днямі мусіць адбыцца першае паседжаньне Грамадзка-каардынацыйнае рады па сродках масавай інфрмацыі, да працы ў якім запрошаная і Беларуская асацыяцыя журналістаў. “БАЖ зьвярнуўся да Міністэрства інфармацыі з просьбай, каб па завяршэньні паседжаньня абавязкова адбыўся брыфінг, на якім грамадзкасьці будзе адкрыта паведамлена пра вынікі паседжаньня”, - паведаміла пры канцы прэсавай канфэрэнцыі Жанна Літвіна.