viasna on patreon

Закон «Аб СМІ» падпісаны

2008 2008-08-05T18:04:23+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб СМІ». Пасля яго афіцыйнага апублікавання пачнецца адлік паўгадавога тэрміну, па сканчэнні якога закон набудзе моц.

Пра падпісанне закона «Аб СМІ» кіраўніком дзяржавы паведамілі ўвечары 4 жніўня інфармацыйныя агенцтвы БелТА і «Інтэрфакс» — абодва са спасылкай на прэзідэнцкую

прэс-службу. Ніхто з іх не назваў даты падпісання дакумента.

Нагадаем, што ў канцы мінулага тыдня прэс-служба кіраўніка дзяржавы не змагла прадаставіць ніякай інфармацыі на гэты конт прэс-службе БАЖ. У Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі 5 жніўня  БАЖ паведамілі, што дакумент да іх пакуль не паступаў.

Законапраект быў ухвалены Саветам Рэспублікі 28 чэрвеня — пасля таго, як яго прыняла ў двух чытаннях Палата прадстаўнікоў (17 і 24 чэрвеня). У сярэдзіне ліпеня дакумент паступіў на разгляд Канстытуцыйнага Суда (КС) РБ, пасля чаго быў перададзены прэзідэнту.

ГА «БАЖ» неаднаразова звярталася да дэпутатаў з просьбай накіраваць дакумент на міжнародную экспертызу, а таксама прапаноўвала ўласную экспертную ацэнку, падрыхтаваную юрыстамі. Яны, у прыватнасці, адзначалі шэраг рэгрэсіўных норм дакумента: рэгуляванне дзейнасці інтэрнет-сферы пастановамі ўраду, абмежаванне замежных інвестыцый у СМІ, неабходнасць перарэгістрацыі ўсіх СМІ пасля ўступлення закона ў сілу, пашырэнне кола асоб, якія могуць выносіць папярэджанні, спрашчэнне працэдуры закрыцця выданняў і г.д. Некалькі заўваг дэпутаты ўлічылі ў другім чытанні, аднак найбольш рэпрэсіўныя нормы - у тым ліку і датычныя рэгулявання Інтэрнету - засталіся.  

(Тэкст апошняга варыянту законапраекта, ухваленага ў другім чытанні Палатай прадстаўнікоў, можна знайсці ТУТ.  Тэкст экспертызы законапраекта, падрыхтаванай юрыстамі ГА «БАЖ», знаходзіцца ТУТ).

Напрацягу чэрвеня і ліпеня шэраг міжнародных арганізацый звярталіся да беларускіх уладаў з заклікам устрымацца ад прыняцця гэтага дакумента ў цяперашнім выглядзе і прапаноўвалі экспертную дапамогу ў яго дапрацоўцы.

Сярод іх — прадстаўнік па свабодзе СМІ АБСЕ Міклаш Харашці, дакладчык па Беларусі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Андрэа РыгоніМіжнародная федэрацыя журналістаў, Міжнародная кампанія з свабоду слова «Article19», «Рэпарцёры без межаў», Фундацыя «Дом правоў чалавека» (Нарвегія), Нарвежскі Хельсінкскі камітэт, Нарвежскі саюз журналістаў, Нарвежскі ПЭН-цэнтр, Дацкі Саюз журналістаў, рэдакцыя часопіса «Index of Censorship», арганізацыя «Грамадзянская Беларусь» (Чэхія).

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства